Прыгажуна з Брэста знялі з выбараў за замежны дыплом

Прыгажуна з Брэста знялі з выбараў за замежны дыплом

У 22-гадовага студэнта Варшаўскага ўніверсітэта Уладзіслава Сысы забралі рэгістрацыю кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Прычынай зняцця з выбарчай кампаніі стала пражыванне хлопца ў Польшчы падчас вучобы ва ўніверсітэце. На тое, што Уладзіслаў мае беларускі пашпарт і рэгістрацыю ў Брэсце, акруговая камісія ўвагі не звярнула. Хлопец ужо заявіў, што будзе абскарджваць зняцце з выбараў у судзе. 

“Сёння [23 кастрычніка. — Еўрарадыё] разам з юрыстам едзем у суд пісаць скаргу, — расказаў Еўрарадыё Уладзіслаў Сыса. — Такіх выпадкаў ніколі не было. У свой час рэгістравалі Уладзіміра Някляева і Зянона Пазняка, якія жылі за мяжой. А мяня палічылі іншародным прадметам. Думаю, што мы пераможам, бо яны [улады. — Еўрарадыё] сябе дыскрэдытуюць. Такое ўражанне, што нейкі некампетэнтны чалавек прымаў гэтае рашэнне”.

Хлопец кажа, што, пакуль будзе ісці судовы разбор, ён застанецца ў Беларусі. Адмаўляцца ад удзелу ў выбарах ён не збіраецца. 

У Варшаўскім універсітэце Уладзіслаў вывучае паліталогію. У інтэрв’ю Еўрарадыё хлопец расказваў, што ў выпадку перамогі будзе выкарыстоўваць свае дэпутацкія магчымасці, каб Беларусь увайшла ў Еўрасаюз. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі