Прыватны банк: Валютныя аперацыі па картках адновяцца “у хуткім часе”
Намеснік кіраўніка Нацбанка выказаўся пра адмену абмежаванняў па картках. Кол-цэнтры банкаў не паведамляюць ніякай канкрэтыкі
З канца снежня беларусы не могуць пераводзіць грошы з рублёвых картак на валютныя. Нават пры наяўнасці Visa ці MasterCard плаціць за паслугі за мяжой нашым людзям стала да плачу нявыгадна.
І вось у аўторак 16-га студзеня намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў, заявіў, што праблема будзе вырашаная.
Праўда, банкір не падаў канкрэтыкі, калі менавіта здымуць абмежаванні па картках. Таму спрабуем задаць гэтае пытанне Упраўленню інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка. Аднак на званкі там каторы дзень не адказваюць.
Наступны крок — пад выглядам кліентаў звязваемся з кол-цэнтрамі “БСБ Банка”, “Альфа-Банка” і “Банка БелВЭБ”:
“Скажыце, калі ласка, калі з’явіцца магчымасць пераводзіць грошы з рублёвых картак на валютныя?”
Ва ўсіх трох банках сінхронна сказалі, што інфармацыі наконт таго, калі такая магчымасць адновіцца, не паступала. Праўда, у адным з кол-цэнтраў далі пашыраную пазітыўную інфармацыю:
“Такая паслуга пакуль немагчымая, але ў хуткім часе наш банк плануе аднавіць такія аперацыі. Але дакладных дат пакуль паведаміць не магу”.
“У хуткім часе — гэта заўтра, праз некалькі дзён, праз тыдзень? Скажыце хаця б прыкладна”.
“У які гэта будзе дзень ці праз колькі дзён — дакладна вам сказаць не магу”.