Пяткевіч заклікала гомельскіх чыноўнікаў працаваць "як для сябе"

Наталля Пяткевіч / t.me/gomel_region_gov/
Першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі Наталля Пяткевіч спрабавала патлумачыць гомельскім чыноўнікам, якой працы ад іх цяпер чакаюць. Яна прадстаўляла ў Гомелі новага памочніка Лукашэнкі, інспектара па вобласці Руслана Пархамовіча.
"Мы сёння стаім перад неабходнасцю сур'ёзнага павышэння эфектыўнасці і якасці дзяржаўнага кіравання, — гаварыла Пяткевіч. — Мяняюцца задачы, мяняецца свет — усё мяняецца хутка, і трэба ўтрымліваць тэмп, паказваючы выніковасць".
А далей першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі паведаміла прысутным, што ад іх чакаюць ініцыятывы і актыўнасці. "У страі ісці не атрымаецца. Калі будзем ісці ў страі, ніколі не вырвемся наперад. Трэба вырывацца наперад, — гаварыла яна. — Заваёўваць рынкі, нешта будаваць ці асвойваць новы напрамак — трэба рухацца яшчэ хутчэй. Мы шмат што можам рабіць сваім інтэлектам, сваім розумам і сваімі рукамі. На пяткі наступаюць праз тое, што мы сёння не заўсёды гатовыя рухацца ў тым шалёным тэмпе, у якім ідзе ўвесь свет".
Эфектыўнасць працы чыноўніка будуць вызначаць не па колькасці папер, а "па рэальных справах". Наталля Пяткевіч заклікала працаваць "як для сябе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.