Расія адмяняе візавы рэжым з Грузіяй з 15 траўня, Грузія лічыць гэта правакацыяй
У Грузіі рашэнне Расіі пра адмену візавага рэжыму называюць правакацыяй / pixabay.com
Ужо з 15 траўня Расія адмяняе візавы рэжым з Грузіяй. Адпаведны ўказ падпісаў Уладзімір Пуцін.
Грамадзяне Грузіі з панядзелка змогуць прыязджаць у Расію без афармлення віз на падставе сапраўдных дакументаў, якія сведчаць іх асобу. Пад выключэнне трапяць толькі тыя грамадзяне Грузіі, якія едуць у Расію працаваць ці плануюць застацца больш як на 90 дзён, у тым ліку для атрымання адукацыі.
Таксама Пуцін зняў забарону на рэйсы расійскіх авіякампаній у Грузію.
На гэтае рашэнне ўжо адгукнулася прэзідэнтка Грузіі Саломэ Зурабішвілі. У сваім акаўнце ў Твітары яна назвала гэты ўказ чарговай расійскай правакацыяй.
"Аднаўленне прамых авіярэйсаў і адмена візавай забароны з Грузіяй непрымальныя датуль, пакуль Расія працягвае сваю агрэсію супраць Украіны і акупуе нашу тэрыторыю!" — заявіла Зурабішвілі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.