Расія, Беларусь і Казахстан дамаўляюцца пра гандлёвыя бар'еры для Украіны
У панядзелак віцэ-прэм'еры Расіі, Беларусі і Казахстана прымуць удзел у пасяджэнні Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ў Сочы.
На ім будуць абмяркоўвацца меры, якія неабходна прыняць у сувязі з асацыяцыяй Украіны і ЕС. Украіне гэта можа каштаваць 33 млрд долараў у год, паведамляе РБК са спасылкай на экспертаў Камітэта грамадзянскіх ініцыятыў Аляксея Кудрына.
Нагадаем, што прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 27 чэрвеня збіраецца падпісаць эканамічную частку пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. Яно не задавальняе Расію пераважна ў гандлёвай частцы. Расія лічыць, што дамова супярэчыць аналагічнаму пагадненню Украіны ў рамках СНД. Тэхнічныя кансультацыі ЕС — Расія на мінулым тыдні да ўзаемаразумення не прывялі. Па іх выніках прадстаўнік Еўракамісіі Піа Хансен заявіла, што пагадненні цалкам сумяшчальныя, расійскі бок — што пагадзіцца з гэтым не можа.
Пагадненне Украіны з ЕС можа прывесці да эфекту даміно, калі ўкраінскія тавары будуць выцясняцца еўрапейскімі і ісці ў Расію, існуе пагроза і рээкспарту еўрапейскіх тавараў у Мытны саюз, заяўляюць у Маскве. А пераход Украіны на еўрапейскія тэхрэгламенты можа прывесці да пераносу на гандаль з Расіяй праблем, характэрных для расійскага гандлю з ЕС.
Фота — logists.by