Расія не будзе ўдзельнічаць у дамове аб ракетах сярэдняй і меншай дальнасці
Расія прыпыняе ўдзел у дамове аб ракетах сярэдняй і меншай дальнасці (ДРСМД) — гэта люстэркавы адказ на аналагічнае рашэнне, прынятае ЗША. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуціна на сустрэчы з міністрамі замежных справаў і абароны.
Апроч таго, расійскі кіраўнік загадаў міністрам не ініцыяваць надалей ніякіх перамоваў па гэтай праблеме, хоць усе прапановы Расіі “застаюцца на стале”.
Пуцін падтрымаў прапанову міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу заняцца распрацоўкай гіпергукавой ракеты сярэдняй дальнасці наземнага базіравання і стварыць наземны варыянт марскога ракетнага комплексу “Калібр”.
У Крамлі заяўляюць, што Расія не стане размяшчаць сваю зброю ні ў Еўропе, ні ў іншых рэгіёнах свету, пакуль у іх не з’явіцца такая самая зброя амерыканскай вытворчасці, паведамляюць расійскія інфармагенцтвы.
1 лютага ЗША заявілі, што спыняюць свой удзел у ДРСМД з 2 лютага. Рашэнне выйсці з дамовы набудзе моц праз шэсць месяцаў. Пасля гэтага амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў, што хоча заключыць новае пагадненне, якое будзе “нашмат лепшае”.