Расія пачне лічыць авіярэйсы з Беларусі міжнароднымі
Расія з 15 траўня пачне лічыць авіярэйсы з Беларусі міжнароднымі. Самалёты з нашай краіны перавядуць у міжнародныя сектары расійскіх аэрапортаў. Як паведаміў РІА “Новости” дзяржсакратар саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Рыгор Рапота, памежны кантроль грамадзяне нашай краіны (як і расіяне), якія прыляцяць гэтымі рэйсамі, праходзіць не будуць. Адзінае новаўвядзенне — трэба захоўваць пасадачны талон, які ў пасажыраў запатрабуюць у расійскіх аэрапортах.
Рапота адзначыў, што “адзнакі пра перасячэнне мяжы ў пашпарце прастаўляць не будуць”.
Дзеянні Масквы — гэта адказ на ўвядзенне Беларуссю з 12 лютага пяцідзённага бязвізавага рэжыму ўезду для грамадзян 80 краін свету (яны абавязкова мусяць уязджаць у нашу краіну праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”). Аляксандр Лукашэнка неаднойчы заяўляў, што ў Расіі чамусьці заклапочаныя гэтым, хаця для гэтага няма ніякіх падстаў. Расійскія ўлады аб’явілі пра стварэнне на мяжы з Беларуссю памежных зон — яны не выключаюць, што замежнікі з Беларусі будуць спрабаваць патрапіць на расійскую тэрыторыю.