Расія прапанавала ААН сваю рэзалюцыю наконт збітага пад Данецкам "Боінга"

Расія падала ў Савет бяспекі ААН свой праект рэзалюцыі наконт крушэння малайзійскага "Боінга" пад Данецкам. У расійскім праекце, як перадае BBC, прапаноўваецца прыцягнуць вінаватых да адказнасці, аднак выключаецца правядзенне міжнароднага трыбунала, які раней запатрабавалі стварыць прадстаўнікі Малайзіі.

Па словах пастаяннага прадстаўніка Расіі Віталя Чуркіна, стварэнне такога трыбунала ідзе насуперак нормам ААН. Некалькі дзён таму супраць міжнароднага трыбуналу выступіў і кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін.

Масква прапануе генсакратару ААН Пан Гі Муну на працягу двух тыдняў падаць прапановы па "кроках, якія б узмацнілі ролю ААН у правядзенні расследавання".

Як вядома, "Боінг-777" авіякампаніі Malaysia Airlines быў збіты ў Данецкай вобласці Украіны 17 ліпеня 2014 года. Загінулі ўсе 298 чалавек, якія былі на яго борце. Асноўная версія крушэння: самалёт быў збіты ракетай з наземнага комплексу "Бук". Пра гэта, у прыватнасці, на пачатку чэрвеня заявілі прадстаўнікі расійскага канцэрну "Алмаз-Антэй". Расследаваннем справы займаюцца прадстаўнікі Нідэрландаў.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі