Расія ўпершыню за 47 гадоў запусціла касмічны апарат на Месяц
Старт расійскай місіі на Месяц / @tvroscosmos
У ноч на пятніцу Расія запусціла свой першы за 47 гадоў касмічны апарат на Месяц. Відэа старту публікуе ТАСС . Ракета-носьбіт "Саюз-2.1б" павінна даставіць на месца аўтаматычную станцыю "Месяц-25". Мяркуецца, што яна зробіць мяккую пасадку на паўднёвым полюсе Месяца 21 жніўня.
"Цяпер мы будзем чакаць 21-га чысла. Я спадзяюся, што адбудзецца высокадакладная мяккая пасадка на Месяц", — заявіў кіраўнік Раскосмасу Юрый Барысаў рабочым касмадрома Усходні пасля запуску.
Мяркуецца, што "Месяц-25" будзе працаваць на паўднёвым полюсе Месяца на працягу года. Навукоўцы НАСА і іншых касмічных агенцтваў у апошнія гады выявілі там у кратарах сляды вадзянога лёду, піша Reuters. Агенцтва адзначае, што раней у мінулым месяцы свой апарат на Месяц запусціла Індыя. Цікавасць да гэтага праекта праяўляюць таксама Злучаныя Штаты і Кітай, абедзве краіны маюць свае праграмы даследавання, нацэленыя на паўднёвы полюс.
Адзначым, што першапачаткова ўдзельнічаць у гэтым праекце планавала і Еўрапейскае касмічнае агенцтва. Яно хацела пратэставаць сваю навігацыйную камеру Pilot-D, прымацаваўшы яе да "Месяца-25". Але на фоне вайны з Украінай адмовілася ад супрацоўніцтва з Расіяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.