Расія ўвяла санкцыі супраць 68 украінскіх кампаній і 322 грамадзян
Расія ўвяла санкцыі супраць 322 грамадзян і 68 кампаній з Украіны, піша расійская "Новая газета".
У згаданых у дакуменце асобаў і кампаніяў будуць заблакаваныя рахункі, каштоўныя паперы і маёмасць на тэрыторыі Расіі, ім будзе забаронена выводзіць капітал за межы Расіі.
У расійскі "чорны спіс" трапілі суддзі Канстытуцыйнага суда Украіны, дэпутаты Вярхоўнай Рады апошняга склікання, буйныя ўкраінскія прадпрымальнікі, чыноўнікі адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта, кіраўнікі органаў выканаўчай улады і буйных украінскіх кампаній, а таксама юрыдычныя асобы, падкантрольныя найбуйнейшым украінскім бізнесоўцам. Гэта, напрыклад, міністр унутраных спраў Арсен Авакаў, кіраўнік Службы бяспекі Украіны (СБУ) Васіль Грыцак, кіраўнік адміністрацыі ўкраінскага прэзідэнта Ігар Райнін.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка ў яго не ўвайшоў. (Дарэчы, кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін пад украінскія санкцыі таксама не трапіў.)