Расія заблакавала рэзалюцыю СБ ААН аб стварэнні міжнароднага трыбунала

Расія заблакавала рэзалюцыю Савета бяспекі ААН аб стварэнні міжнароднага трыбунала па збітым над Данбасам "Боінгу" (рэйс MH17 з Амстэрдама ў Куала-Лумпур). Галасаванне прайшло 29 ліпеня. Стварэнне трыбунала падтрымалі 11 чальцоў Савета бяспекі (пастаянныя — ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, непастаянныя — Іспанія, Іарданія, Літва, Малайзія, Нігерыя, Новая Зеландыя, Чад і Чылі). Устрымаліся Кітай (пастаянны прадстаўнік у СБ ААН), Венесуэла і Ангола. Расія была адзінай, хто выступіў супраць, але гэтага аказалася дастаткова для накладання вета.

"Расія гатовая працягваць садзейнічаць правядзенню поўнага незалежнага і аб'ектыўнага расследавання прычын і абставінаў гібелі малайзійскага авіялайнера, абапіраючыся на палажэнні рэзалюцыі СБ 2166 у мэтах выяўлення вінаватых і іх наступнага пакарання. Занятая намі сёння пазіцыя не мае нічога агульнага з заахвочваннем беспакаранасці", — цытуе словы пастаяннага прадстаўніка Расіі ў ААН Віталя Чуркіна РІА "Новости".

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін заявіў, што "няма ніякіх прычын пярэчыць трыбуналу, калі ты сам не здзейсніў злачынства". Паводле яго слоў, Украіна распрацоўвае механізм стварэння трыбунала па-за ААН.

Нагадаем, пасажырскі самалёт Малазійскіх авіяліній быў збіты год таму (як мяркуецца, з расійскага "Бука"), загінулі 298 чалавек. З ініцыятывай стварыць міжнародны трыбунал для прыцягнення да адказнасці вінаватых у катастрофе выступілі Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды і Украіна.

Фота: Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі