Расійскі дэпутат Мілонаў патлумачыў, чаму Беларусь мусіць адмовіцца ад Алімпіяды
Дэпутат Дзярждумы Расіі Віталь Мілонаў лічыць, што нацыянальныя алімпійскія камітэты Беларусі, Казахстана і Кыргызстана, а таксама краін БРІКС (Бразіліі, Індыі, Кітая і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі) маглі б адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе-2018 у знак салідарнасці з Расіяй. Бо, на думку Мілонава, Міжнародны Алімпійскі камітэт цкуе Расію па палітычных прычынах.
Еўрарадыё: Якой рэакцыі вы чакаеце ад краін, якім прапанавалі ў знак салідарнасці з Расіяй адмовіцца ад удзелу ў Алімпіядзе?
Віталь Мілонаў: Гэта маё меркаванне. Я лічу, што нядопуск Расіі ― гэта відавочна палітычнае рашэнне. Проста асобныя краіны хочуць атрымаць больш медалёў, чым бы яны атрымалі пры ўдзеле Расіі. Гэта несумленныя гульні, а ў несумленных гульнях няма ніякага сэнсу ўдзельнічаць. Бо ўжо сам сэнс алімпійскага руху цалкам знішчаны.
Еўрарадыё: Шмат кажуць пра тое, што спорт па-за палітыкай, але калі мы “праявім салідарнасць” і адмовімся ад удзелу ў Алімпіядзе, то ці не будзе гэта палітычнай салідарнасцю спартоўцаў?
Віталь Мілонаў: Гэта пытанне асабістага выбару. Памятаю, гадоў 80 таму алімпійскі камітэт праводзіў адну з Алімпіяд, і калі ніхто наш адзіны народ не падзяляў на беларусаў, рускіх і ўкраінцаў, мы адмовіліся ад удзелу ў той Алімпіядзе (Летняя Алімпіяда 1936 года ў Германіі. ― Еўрарадыё). Паколькі я лічу, што мы з’яўляемся адзінай нацыяй, то калі б беларускую зборную не дапусцілі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, тое ж самае павінны былі б зрабіць рускія. Я б паступіў так. А так, пытанне, хто і як паступіць ― гэта пытанне яго перакананняў і ўласнага сумлення.
Еўрарадыё: Кожны хоча перамагчы, стаць першым, атрымаць медаль, і для беларускай зборнай адхіленне ад удзелу расіян выгаднае ― больш шансаў на медалі…
Віталь Мілонаў: Гэта пазіцыя “ўласаўская”. Пытанне асабістага выбару. Ніхто не павінен рабіць так, як я прапанаваў. Але калі мы, славяне, зноў будзем дапускаць, што нас гэтыя дрэнныя людзі будуць падзяляць, то грош нам цана. І справа не толькі ў Алімпіядзе. Бо калі нас будуць падзяляць, а мы будзем на гэта весціся, то атрымаецца, як з Югаславіяй. Гэта мая пазіцыя, дзякуй.