Расійскі пісьменнік Віктар Шандаровіч вымушаны з'ехаць з Расіі

Віктар Шандаровіч / фота Дзмітрый Брыкман
Віктар Шандаровіч / фота Дзмітрый Брыкман

Расійскі пісьменнік Віктар Шандаровіч абвясціў, што вымушаны з'ехаць з Расіі. Яму пагражае крымінальная справа. Заяву ў суд на яго напісаў "крамлёўскі кухар" Яўген Прыгожын. Ён лічыць, што Шандаровіч яго абгаварыў.

Летась Прыгожын ужо судзіўся з Шандаровічам. Пісьменнік нагадвае, што ў той раз "не паленаваўся даць Прыморскаму суду Пецярбурга ў літаральным сэнсе пуд доказаў таго, што ніякай іншай рэпутацыі, акрамя рэпутацыі крымінальніка і забойцы, у спадара Прыгожына няма і ніколі не было. Падаў і спрыяльнае для сябе лінгвістычнае заключэнне, выкананае прызнанымі ў РФ судовымі экспертамі". Але суд стаў на бок "істца і яго эксперта — чалавека з завочнай адукацыяй і фількінай граматай замест дыплома".

У гэты раз, мяркуе пісьменнік, у дачыненні да яго можа быць прыменена арт. 128.1 КК РФ. Ён прадугледжвае абмежаванне волі на час следства, "і ў мяне чаму-то няма асаблівых падставаў сумнявацца ў тым, што гэтая норма можа быць прыменена", піша ён.

Ён вырашыў не чакаць хатняга арышту і "сядзець у намордніку, на пацеху ўсёй гэтай братве" , а перачакаць сітуацыю "звонку ад блатных паняццяў" расійскай улады.

Паводле яго слоў, яму неаднаразова намякалі на ад'езд — "бясконцай і дэманстратыўнай крымінальшчынай" у яго адрас. Былі і пранікненне ў жыллё, і сачэнне, і тэлефоннае хуліганства, і паклёп, і ўварванне ў прыватнае жыццё, і прамыя пагрозы... І пры гэтым не было ніякай рэакцыі ні па адной яго заяве ў паліцыю. "Так пуцінская Расія паказвала на маё месца ў айчыннай парашы", адзначае пісьменнік.

У Шандаровіча было мноства планаў у Расіі на пачатак 2022 года, але ён вырашыў адмовіцца ад іх на час, пакуль сітуацыя ў яго краіне не зменіцца. "Пакуль гэты Прыгожын тут эліта, я, стала быць, працягну выконваць функцыю замежнага агента — звонку ад радзімы, затое без намордніка. Так і мне будзе прыемней, і вам весялей", — напісаў ён.

Напярэдадні Новага года Мінюст Расіі ўключыў Віктара Шандаровіча, а таксама яшчэ чацвярых чалавек у рэестр СМІ, якія выконваюць функцыі замежнага агента. У гэтым спісе ўжо больш за 110 пазіцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі