Расійскі сацыёлаг патлумачыў, чаму 78% расіян выступаюць за візы з Беларуссю
Кіраўнік дэпартамента даследаванняў Усерасійскага цэнтра даследавання грамадскай думкі Сцяпан Львоў пракаментаваў для Еўрарадыё вынікі апошняга апытання. Яно было праведзенае па тэлефоне 8-9 лютага, сацыёлагі апыталі 1200 чалавек з усёй Расіі. 60% апытаных паведамілі, што не хочуць, каб Расія давала Беларусі зніжкі на газ. 78% жыхароў Расіі падтрымалі ўвядзенне візавага рэжыму з Беларуссю. 40% расіян успрымаюць Беларусь як сяброўскую дзяржаву, 35% — як гандлёвага і эканамічнага партнёра, 9% — як стратэгічнага партнёра. 4% апытаных лічаць Беларусь канкурэнтам Расіі, а 3% — праціўнікам.
Еўрарадыё: Чаму вы вырашылі правесці такое апытанне менавіта цяпер?
Львоў: Таму што ёсць інфармацыйная нагода. Мы перыядычна праводзім даследаванні. Зараз узнікла такая нагода. Існуюць непаразуменні па аплаце газу і нафты, Беларусь увяла бязвізавы рэжым з 80 краінамі.
Еўрарадыё: Вас нешта здзівіла ў выніках апытання?
Львоў: Па вялікім рахунку, здзівіла жорсткая пазіцыя расіян у дачыненні да Беларусі па газавым пытанні. Мы чакалі больш лаяльнага падыходу. Робіцца зразумелым, што цяпер у Расіі ўсё больш перамагае погляд на Беларусь як на гандлёвага партнёра, а не сяброўскую дзяржаву. Перамагае рацыянальны падыход.
Еўрарадыё: Згодна з вашай публікацыяй, у 2008 годзе 50% расіян лічылі Беларусь сяброўскай дзяржавай. Цяпер — толькі 40%. Чаму так?
Львоў: 10% — гэта не такая сур'ёзная ацэнка. Раней было больш размоваў аб Саюзнай дзяржаве ў СМІ, цяпер іх стала нашмат менш.
Еўрарадыё: 78% расіян лічаць магчымым увесці візавы рэжым з Беларуссю. Што гэта можа значыць?
Львоў: Для большасці расіян увядзенне візавага рэжыму з Беларуссю не з'яўляецца вялікай стратай. Расіяне, у адрозненне ад беларусаў, значна радзей перасякаюць гэтую мяжу. Таму яны лічаць магчымым увесці візы ў якасці аднаго з варыянтаў захавання бяспекі. Але гэта не з'яўляецца праявай варожасці да Беларусі.
Еўрарадыё: Вашы пытанні аб захаванні альбо скасаванні бязвізавага рэжыму ўтрымліваюць разгорнутыя тлумачэнні таго, чым гэта можа пагражаць расіянам. Чаму былі выкарыстаныя такія фармулёўкі?
Львоў: Заўсёды трэба разумець, што рэспандэнт можа не валодаць сітуацыяй, не можа ўсё ведаць. Яму трэба прапанаваць варыянты.
Еўрарадыё: Але ці насамрэч з'явілася пагроза Расіі? Да ўвядзення бязвізавага рэжыму замежныя грамадзяне маглі атрымаць беларускую візу і прыехаць у Расію праз празрыстую мяжу. Што змянілася?
Львоў: Раней замежнаму грамадзяніну было неабходна атрымаць беларускую візу, прайсці праверку праз вашы міграцыйныя службы. Існавала заслона. Цяпер такой неабходнасці больш няма. Цяпер узнікла рызыка, што не будзе кантролю.