Расійскія фанаты зноў учынілі бойку ў Францыі (фота, відэа)
Новыя сутычкі з удзелам расійскіх футбольных фанатаў адбыліся ў французскім Ліле 14 чэрвеня, напярэдадні матчу Расія — Славакія ў рамках Еўра-2016. Група расіян напала на заўзятараў зборных Англіі і Уэльса, як толькі тыя выйшлі з бара каля гарадскога чыгуначнага вакзала, адкуль брытанцы накіроўваліся ў Ланс — там мае адбыцца матч Англія — Уэльс.
Дзеля разгону бойкі паліцыя выкарыстала слезацечны газ, паведамляе dailymail.co.uk. Двое расіян і адзін брытанец арыштаваныя. Падчас сутычкі канфліктуючыя бакі абражалі адзін аднаго: англічане выгуквалі крыўдныя крычалкі на адрас расіян, расіяне ў сваю чаргу правакавалі праціўнікаў вопраткай з сімволікай зняважлівага зместу. На асобных фота з месца падзеяў бачна, што расіяне таўкуцца нагамі па сцягу Францыі. Некаторыя расійскія заўзятары былі з закрытымі тварамі.
Непасрэдна перад гэтым інцыдэнтам УЕФА наклала ўмоўную дыскваліфікацыю на Расійскі футбольны саюз да канца турніру. Было абвешчана, што ў выпадку новых сутычак зборная краіны будзе выключаная з ліку ўдзельнікаў Еўра-2016.