Расклад выступленняў беларусаў на Алімпіядзе ў Рыа 17 жніўня
У сераду, 17 жніўня, на летніх Алімпійскіх гульнях у Рыа разыграюць 16 камплектаў узнагарод. Беларусы выступяць у чатырох дысцыплінах.
Найлепшыя шанцы на медаль мае беларуская бягуха Аліна Талай. У 2.45 начы яна выступіць у паўфінале на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі. Фінал прызначаны на 4.55.
Дачакаліся мы і пачатку выступлення ў Рыа кідальніка молата Івана Ціхана. Сёння ў 15.40 і 17.05 пройдзе кваліфікацыя. У ёй таксама паўдзельнічаюць беларусы Сяргей Каламоец і Павел Барэйша.
У 16.55 пачнецца першы раўнд у бегу на 800 метраў сярод жанчын. Беларусь прадставяць Марына Арзамасава і Юлія Кароль. У паўфінал праходзяць па 2 лепшыя бягухі з кожнага забегу.
Ад 15.58 да 16.19 пройдуць папярэднія заезды байдарак-адзіночак сярод жанчын на 500 метраў. Беларусь прадставіць Марына Літвінчук. Мяркуецца, што яна проста абавязаная выйсці ў паўфінал, які пройдзе з 16.42 да 16.56.
На рахунку беларускіх алімпійцаў 5 медалёў — 1 золата, па 2 срэбра і бронзы.