Размеркавацца замест Купалаўскага ў сельскі клуб і разварушыць вёску

 

Я, натуральна, магла б і адна тут выступаць, але адзін у полі не воін

Знаёмцеся — гэта Наталля. 21 жніўня ў яе заканчваецца размеркаванне ў Гародзькаўскім сельскім клубе, што ў Валожынскім раёне. На развітанне дзяўчына, якая свядома паехала працаваць у вёску, ладзіць свята для жыхароў суседніх Кашчэлічаў і Лохаўшчыны.

Наталля — студэнтка кафедры рэжысуры абрадаў і святаў Універсітэта культуры і мастацтваў. На пятым курсе яна вырашае ехаць у вёску. Папярэдне набывае сабе дом ў раёне добра вядомага хутара Шаблі, што ў вёсцы Малое Запруддзе, і сваім рашэннем літаральна шакуе размеркавальную ўніверсітэцкую камісію. Лепшая студэнтка на курсе, першая ў спісе на размеркаванне, якую чакае як мінімум Купалаўскі тэатр ці аспірантура, а яна адзіная з групы выбірае вёску...

"Мне вельмі блізкія нашы абрады, а іх лепш за ўсё ладзіць на вёсцы, а не ў горадзе, бо вельмі дзіўна выглядае Купалле на гарадской сцэне, — тлумачыць сваё дзіўнае рашэнне Наталля. — Таксама я вельмі люблю бабулек і вельмі захацелася іх нечым парадаваць. Я бачу, якія яны шчаслівыя, калі хоць нешта адбываецца ў іхняй вёсцы. Ды і не ўсім жа жыць у гарадах".

Свята вёскі ў Кашчэлічах праходзіць ля крыжа на аўтобусным прыпынку, на якім паўколам сядае каля 30-ці мясцовых жыхароў, сярод якіх у асноўным бабулі ў святочных хустках з кветкамі. Спачатку дырэктарка клуба Алена Іванаўна ўручае абрус у падарунак самай старэйшай жыхарцы Лохаўшчыны, бабе Васіліне, потым — падарунак самаму маладому жыхару Лохаўшчыны, якім апынаецца вандроўнік і музыка Верасень. А потым той жа Верасень і яго жонка і журналістка Яўгенія Манцэвіч, уласна Наталля і іх мінскі сябра-перкусіяніст у межах гурта "Гутатэлі" граюць гадзінны канцэрт для бабуль, які складаецца з народных беларускіх песень у мадэрновым варыянце, у тым ліку, і сабраных непасрэдна на Валожыншчыне.

"Проста багі злітаваліся, і тут апынулася музычная моладзь, з якой атрымалася арганізавацца і зладзіць гурты "Хата" і "Гутатэлі". Я, натуральна, магла б і адна тут выступаць, але адзін у полі не воін", — працягвае Наталля.

Як толькі дзяўчына прыехала працаваць мастацкім кіраўніком у Гародзькаўскі клуб, мусіла сядзець на працы з 10-й раніцы да 19-й гадзіны штодня. Мэта "адседжваць працоўны час" яе абурала, аднак дырэктарка парыравала: "Вось вы прыходзіце ў краму, яна ж адчыненая? Адчыненая! А прыйдзе хто-небудзь у клуб — і ён таксама мусіць быць адчынены". Аднак Наталля знайшла выйсце з сітуацыі: пачала хадзіць па бабулях, запісваць мясцовыя легенды, песні і асаблівасці абрадаў і рэпетаваць з "Хатай" і "Гутатэлямі". І дырэктарка "здалася". У выніку гурт "Хата", які ўмоўна працаваў на базе клуба, пачаў ездзіць з канцэртамі на раённыя святы, яго сталі запрашаць і ў іншыя суседнія гарады.

За мной заехала "таблетка" — машына, якая развозіць ежу на палі. І я з каструлямі і ў касцюме еду да камбайнёраў

"Самыя недарэчныя моманты за гэтыя два гады звязаныя з выступам перад камбайнёрамі (падчас уборачнай трэба даць чатыры канцэрты ў палях) і дыскатэкамі, якія некалькі разоў мне давялося "круціць", — узгадвае Наталля. — Мне патэлефанавалі і сказалі падтрымаць камбайнёраў, якія дзень і ноч збіраюць ураджай зерневых. За мной заехала "таблетка" — машына, якая развозіць ежу на палі. І я з каструлямі і ў касцюме еду да камбайнёраў. Выходжу да 15-ці камбайнёраў, кажу ім словы падтрымкі і пад шэйкер спяваю песню "Арёл, Бож'я пціца". Яны ядуць, стукаюць лыжкамі аб жалезныя талеркі, маладыя ледзьве стрымліваюцца, каб не зарагатаць, а некаторыя глядзяць з разуменнем — маўляў, разумеем, такая праца".

Дыскатэкі (да нашай размовы далучаецца дырэктарка Алена Іванаўна) — гэта ўвогуле галаўны боль сучасных сельскіх клубаў: яны маюць план за год з продажаў сабраць 10 мільёнаў, але як? Моладзь сядзіць у сацыяльных сетках і дыскатэкі іх больш не цікавяць.

"Ты прыходзіш на працу, уключаеш музыку і яна проста грае, нікога няма, — смяецца Наталля. — Але, бывала, што заходзіла некалькі чалавек у нецвярозым, зразумела, стане, якія абураліся музыкай, якую я ўключала. Кшталту: "Давай Верку Сярдзючку". Было і смешна, і не смешна, бо яны рэальна патрабавалі яе".

Праўда, ад дыскатэк у Наталлі атрымалася "адбіцца": ад Малога Запруддзя да адзінага на 11 навакольных вёсак клуба ў Гародзьках 7 кіламетраў, і ехаць на ровары ўначы небяспечна. Наталлі, дарэчы, прапаноўвалі жыллё ў Гародзьках, пакой у доме, дзе жывуць міліцыянер і настаўнік гісторыі. Але свой дом — ёсць свой дом.

Так выглядае хата Наталлі

Былі і коні з бубеньчыкамі, і абрад шукання жаніха і нявесты ў бярозавым гаі з заплюшчанымі вачыма…

 

У выніку дзяўчына цалкам пераключаецца на працу з дзецьмі (вядзе тэатральны кружок) і на абрады: разам з мясцовай моладдзю (маладыя мінчукі ў свой час ахвотна скуплялі пустыя хаты ў гэтых мясцінах) ладзіць Купалле, Дажынкі, Каляды для вяскоўцаў і нават сапраўднае вяселле з усімі старажытнымі правіламі. Больш за тое, Наталля задаецца пытаннем, чаму беларусы масава разводзяцца, і знаходзіць адказы на пытанні падчас грандыёзнага даследавання. А яе працу пад назвай "Трансфармацыя беларускіх традыцый" публікуюць ў зборніку артыкулаў сумеснага навуковага праекта "Расія-Беларусь" — "Сучасная святочная прастора".

"Я пачала капаць і знайшла шмат цікавага. Напрыклад, падчас вяселля важна, па які бок стаяць малады і маладая ці, напрыклад, букет ніколі ніхто не кідаў, бо ён сімвалізуе каханне маладых. Я гэтым пытаннем займалася ва ўніверсітэце, а цяпер выпала магчымасць гэта рэалізаваць, тым больш, што знайшлася пара, якая хацела ажаніцца менавіта па старажытных правілах. Былі і коні з бубеньчыкамі, і абрад шукання жаніха і нявесты ў бярозавым гаі з заплюшчанымі вачыма, і вянчальны абрад каля дзвюх бяроз з мёдам і жытам, і пасад, накрыты кажухом, на які садзілі маладую. А бабулі мясцовыя пры гэтым ставілі перашкоды на шляху маладых, і ім вельмі падабалася іх роля".

Наталля не хавае, што з яе прыездам у Гародзькі жыццё навакольных вёсак разварушылася. Ды і бабулі ажывіліся: ідуць ды і зойдуць у клуб:

"Калі ў нас свята вёскі, усе збіраюцца і я бачу, што значыць для іх гэтая падзея. Старыя людзі ж сядзяць па сваіх хатках, максімум — зойдуць адзін да аднаго. А тут збіраюцца ўсе разам, узгадваюць жыццё, мінулае, як некалі з немцамі на танцы хадзілі, і бачна, што яны вось так не збіраліся гадоў 30. І я шчаслівая, калі людзі шчаслівыя. Атрымліваецца разнастаіць іх будні, якія складаюцца ў асноўным з агародаў ды тэлевізараў".

Дырэктарка Алена Іванаўна і Наталля

Святы вёсак у сельсавеце, дарэчы, трымаюцца на дзвюх асобах — дырэктаркі і мастацкага кіраўніка Наталлі: яны збольшага выступаюць і як вядучыя, і як музыкі. Алена Іванаўна, напрыклад, раней выступала з гармонікам. Але гарманістка звольнілася, і цяпер у дырэктаркі новы памочнік — партатыўны DVD з фанаграмай, з якім яна і на палі ездзіць, і пад які спявае на свяце вёскі ў Кашчэлічах. Таксама дзяўчаты падключаюць да ўдзелу вучняў з мясцовай музычнай школы ды выхаванцаў Наталлі з тэатральнага кружка.

Маладыя павінны нам падказваць, на тое яны і вучыліся

Пасля таго, як Наташа звольніцца, Алена Іванаўна застанецца адна працаваць на культурнай ніве сельсавета. Натуральна, што за 34 гады працы ёй да самоты не прывыкаць: жанчына працуе за 2,5 мільёна, таму разумее моладзь, якая ўсё робіць, каб не ехаць па такія капейкі на вёску, дзе яшчэ і жыллё часта трэба здымаць. Губляць Наталлю дырэктарцы шкада, кажа, што магла б працаваць і стаць дырэктарам клуба. Але пагаджаецца, што ўсё ж тэмперамент Наталлі не прызначаны да кіраўнічых пасад.

"Я вельмі шмат гадоў працую і, магчыма, сама многага не ўмею ці нешта забылася. А маладыя павінны нам падказваць, на тое яны і вучыліся. Маладых спецыялістаў трэба дасылаць на вёску, бо цяжка працаваць аднаму, — перакананая Алена Іванаўна. — Да таго ж, мы сыдзем, а трэба ж каб нехта працаваў! Вось няхай бы Наталля заставалася, была б дырэктарам, а я б ужо і сышла. Да таго ж, трэба, каб былі такія спецыялісты па фальклоры. А дзе ім яго браць — у вёсцы?! Хоць моладзь гэтага не разумее, але аднойчы мы ўсё адно вернемся да фальклору, бо гэта нашы карані".

Пасля звальнення Наталля збіраецца далей заставацца ў вёсцы, тым больш, што мае тут ужо і кавалера з пераехаўшых мінчан. Яшчэ плануе крыху павандраваць і займацца творчасцю. Але, кажа, што размеркаванне было для яе карысным досведам: навучыла адказнасці і дысцыпліне, а таксама дало магчымасць рэалізавацца ў сціплых умовах:

"Размеркаванне на вёску патрэбнае, каб падтрымаць нашу культуру. Бо я не ведаю, якім трэба быць "ударнікам", каб маладому вось проста так паехаць на вёску. Але гэта вучыць цябе дысцыпліне, адказнасці. Я б, вядома, дала крыху больш свабоды творчым людзям, бо сядзець на працы ад і да — нецікава. Трэба, каб нашы традыцыі жылі, але вось так з-пад палкі наўрад ці нешта атрымаецца... Хаця, гэтым і без размеркавання можна займацца. Але калі ты маеш пасаду, калі ты афіцыйны работнік культуры, бабулі сур'ёзна да цябе ставяцца, ты для іх аўтарытэт. А так, яны проста могуць і не ўспрыняць ініцыятыву".

...Публіка неаднаразова выклікае на біс “Гутатэлі”, а потым усе жадаюць Наталлі выйсці замуж ды нарадзіць дзетак. А мужчына гадоў 60-ці іх не слухае, і кажа, што Наталля далёка пойдзе, бо яе музыка ідзе знутры, а гэта дадзена не ўсім.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі