Рэктар ЕГУ часткова задаволіў патрабаванні галадаючай студэнткі
Рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сяргей Ігнатаў часткова задаволіў патрабаванне галадаючай студэнткі. Ёй "у выключным парадку" дазволілі перапрайсці дысцыпліну ў восеньскім семестры 2022 года. "Дадзенае рашэнне заснаванае на прынцыпах клопату пра фізічны і псіхалагічны добры стан студэнткі", — заяўляюць у прэс-службе ЕГУ.
Як распавядала Еўрарадыё, 27 чэрвеня студэнтка ЕГУ Таццяна Барысава абвясціла сухую галадоўку каля ўніверсітэта. Яна заявіла, што не змагла дагрукацца да адміністрацыі навучальнай установы. Барысава патрабавала даць магчымасць бясплатна прайсці нанова курс "праект I года" і вызваліць ад абавязковай здачы работы па ім у цяперашнім семестры, а таксама даць зніжку на аплату навучання — 500 еўра. У сацсетках студэнтка патлумачыла, што з запланаваных па прадмеце 24 гадзін заняткаў адбыліся толькі ўводныя заняткі.
Пасля пачатку галадоўкі прадстаўнікі адміністрацыі выклікалі да месца здарэння паліцыю.
"У 9:00 была выкліканая паліцыя для фіксацыі сітуацыі, патлумачыла правы і абавязкі для ўсіх бакоў. З'ехала;
У 9:10 прыехала хуткая дапамога, замярала паказчыкі акцыяністкі, дала рэкамендацыі, у 10:00 з'ехала;
У 10:00 прыбыў псіхолаг. У 18:00 з'ехала;
З 9:00 студэнтка вядзе эфір у сацсетках. Над ёй збудаваная палатка ад сонца. Прадастаўленая вада", — паведамляе прэс-служба ЕГУ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.