Re1ikt склаў архітыповы вобраз андэграўнднага музыкі 2000-х
Шмат хто пазнае ў ім сябе. На кацнэрце-экскурсіі музыкі распавядаюць пра шлях з правінцыі ў сталіцу, рэпетыцыі ў “Іванычаў” і краявіды, што натхняюць на пост-метал.
У сталічнай галерэі Newday светлагорска-гомельска-мінская каманда Re1ikt грае рэтраспектыўны канцэрт і праводзіць экскурсію па сваім мінулым. Паміж акустычнымі сэтамі, якія ў храналагічнай паслядоўнасці ілюструюць музычную эвалюцыю гурта, адзіны прадстаўнік першага складу Re1ikt, бубнач Аляксандр Дземідзенка выводзіць на белую сцяну кавярні праекцыі архіўных фотаздымкаў.
Мы бачым радзіму Re1ikt — шматпавярховікі светлагорскага шостага мікрараёна і краявіды ўдоўж ракі Бярэзіны. На яе берагах, як прызнаецца Аляксандр, гурт праводзіў рэпертыцыі, калі гэта не атрымлівалася зрабіць у кватэрах музыкаў ці, напрыклад, на балконе. Наступныя фота выбудоўваюць архітыповы вобраз маладога прадстаўніка беларускага музычнага андэграўнда 2000-х.
Вось ён пасля школы выпраўляецца з гітарай славутай барысаўскай вытворчасці на рэпетыцыю ў мясцовую ўстанову культуры, якой кіруе сярэдніх гадоў мужычок без імя і прозвішча — Іваныч (альбо Пятровіч, Сямёныч, Валянціныч — у іншых выпадках). Гэты Іваныч спачатку трывае, але пасля час ад часу спрабуе ставіць палкі ў колы будучым рок-зоркам, а ў выніку гоніць іх з культурнай дзяржустановы назад — у гаражы і лясы.
Але будучая рок-зорка не здаецца — зацята грае гранж, фатаграфуецца на фоне гарадской славутасці — бруднай сцяны з надпісам “Punks not dead” і гурта Happy Face, вымярае адлегласці песнямі гурта Therapy? і на лекцыях перакладае іх на беларускую мову.
Перыядычна малады перспектыўны гурт спрабуе скарыць не толькі свой родны горад, але і навакольныя абласныя цэнтры, дзе грае на канцэртах у гонар 60-годдзя вялікай перамогі ў арыгінальным грыме ў стылі першай хвалі драпежнага нарвежскага блэк-метала.
Re1ikt узгадваюць, як запісвалі ў сталіцы беларускага метала, “сонечным градзе Гомелі” свае першыя альбомы, паказваюць меланхалічныя краявіды з закінутымі лодкамі і бясконцымі іржавымі трубамі, якія іх на гэта натхнялі.
Узгадваюць, як “Рэкі прабілі лёд”, і яны неўзабаве сталі сталічнымі жыхарамі, і вітаюць сваіх былых паплечнікаў у зале. Экскурсавод па мінулым Аляксандр Дземідзенка змахвае настальгічную слязу, шкадуе, што не стае часу, каб паказаць фота з яго з жонкай вандроўкі ў Нарвегію і гурт грае апошнюю песню.