“Рэпарцёры без межаў” асуджаюць новыя арышты беларускіх журналістаў
Міжнародная праваабарончая арганізацыя патрабуе вызваліць журналіста “Радыё Рацыя” Аляксандра Ярашэвіча і блогера Дзмітрыя Галко.
Іх затрымалі 6 траўня ўвечары пасля сустрэчы з удзельнікамі “Чарнобыльскага шляху”, якія ў той дзень выходзілі з турмы на Акрэсціна. Галко і Ярашэвіча прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі. Яны атрымалі арышт — 10 і 12 сутак адпаведна.
У заяве “Рэпарцёраў без межаў” адзначаецца: “абсурдныя абвінавачанні”, на падставе якіх суд прыгаварыў да арышту Ярашэвіча і Галко, яшчэ раз сведчыць пра “рашучасць уладаў падаўляць незалежную журналістыку” ў Беларусі.
Праваабарончая арганізацыя таксама звяртае ўвагу на тое, што суды над Ярашэвічам і Галко праходзілі з парушэннямі іх права на справядлівае разбіральніцтва. “Яны павінны быць неадкладна вызваленыя”, — цытуе заяву арганізацыі БелаПАН.