114 кандыдатаў у дэпутаты заступіліся за Змітра Дашкевіча
Яны выступілі з сумеснай заявай у абарону лідара міжнароднай арганізацыі "Малады фронт".
Заява прынятая з нагоды чарговага прысуду, вынесенага Дашкевічу 28 жніўня. Нагадаем, што палітвязню дадалі год зняволення — нібыта за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі.
У заяве гаворыцца, што аднаўленне бесканфліктных і ўзаемавыгадных адносінаў з краінамі Еўрасаюзу і ЗША немагчымае без вызвалення палітвязняў. Краіна не выйдзе з самаізаляцыі, пакуль у беларускіх турмах знаходзяцца зняволеныя, асуджаныя за свае перакананні, перадае БелаПАН словы падпісантаў.
Аўтары заявы звяртаюцца да ўладаў з заклікам выпусціць на волю палітвязняў — Змітра Дашкевіча, Мікалая Статкевіча, Мікалая Аўтуховіча, Паўла Севярынца, Алеся Бяляцкага, Эдуарда Лобава, Сяргея Каваленку, Васіля Парфянкова, Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Паўла Сырамолатава, Арцёма Пракапенку.
Сярод падпісантаў — кандыдаты ад Партыі БНФ, кампаніі "Гавары праўду!", Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэта па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), руху "За Свабоду".