40 дзён па Алегу Клімчанку

121010_sverdlov_klim4anka.mp3

29 кастрычніка бас-гітарысту Litvintroll Алегу Клімчанку споўнілася б 36 гадоў. Але лёс склаўся па-іншаму: 2 верасня падчас метал-фэста “Масс Меdиум” у Гомелі музыка страціў прытомнасць проста на сцэне. “Хуткая” прыехала сапраўды хутка, але выратаваць Клімчанку дактары не здолелі. Сябрам і прыхільнікам яго творчасці давядзецца адзначаць іншую, сумную дату: 11 кастрычніка будзе 40 дзён, як Алега Клімчанкі не стала.

“Litvintroll далей будзе існаваць проста праз тое, што Алег шмат часу свайго паклаў на яго, — распавядае Еўрарадыё лідар Litvintroll Андрэй Апановіч. — Алег проста любіў рок’н’рол, і для гэтага трэба далей працаваць. Але меркаванне гурта такое: пакуль што мы не ведаем, хто будзе замест яго граць. Замяніць Клімчанку вельмі складана. Мы знойдзем, так. Але Litvintroll будзе зусім іншы, не такі, як зараз”.

На 11 лістапада ў Litvintroll была запланаваная прэзентацыя новага альбома. 8 песень для яго запісаныя з удзелам Алега, вокладка і аздабленне гатовае. Але ў памяць аб памерлым басісце гурт пераносіць выхад дыска на 2013 год.

Андрэй Апановіч: “Гэта ўсё будзе пасля Новага года. Мы пакуль што адыходзім ад гэтага ўсяго… Гэта будзе, але пазней, як даніну аддаць нашаму кянтуху-братуху”.

Адмаўляюцца і ад ідэі фэсту імя Алега Клімчанкі ў Гомелі.

“Калі б гэты канцэрт быў, яго б даўно ўжо анансавалі. А паколькі ніхто не хоча пра гэта нават думаць, лепш яго не рабіць увогуле. І, як сказаў Андрэй з Litvintroll, сам Алег адрэагаваў бы на гэта неяк так: “Навошта нам гэты цырк?”, — распавядае Еўрарадыё Павел Паўліхін, адзін з арганізатараў фэсту “Масс Меdиум”, падчас якога 2 верасня загінуў Клімчанка.

Праверка, якую распачалі пасля трагедыі, ужо скончаная, вядомыя вынікі судова-медыцынскай экспертызы. Распавядае афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Гомелі і Гомельскай вобласці Марына Крываногава:

Марына Крываногава: “Дакументы знаходзяцца ў пракуратуры. Гэта звычайная працэдура, калі праверка сканчаецца. Не было высветлена гвалтоўнага характару смерці. Таксама не было высветлена няспраўнасці электраабсталявання, хаця і былі чуткі, што нешта там замкнула. Складу злачынства няма, крымінальная справа не распачыналася. Калі казаць немедыцынскай мовай — не вытрымаў арганізм чамусьці”.

Заключэнне судова-медыцынскай экспертызы — таямніца, таму супрацоўніца Следчага камітэта не можа распавесці дэталі. З неафіцыйных крыніцаў Еўрарадыё даведалася, што музыка памёр ад раптоўнага спынення сэрца. А жонцы басіста дагэтуль складана размаўляць пра тое, што адбылося ў Гомелі. Ды і ці ёсць сэнс высвятляць падрабязнасці? Алег Клімчанка памёр, і яго ўжо не вернеш.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі