5 долараў па пашпарце прададуць за 10 хвілін?
З сённяшняга дня валюту ў абменных пунктах Беларусі можна набыць толькі па пашпарце. Незалежна ад сумы.
Журналістка Еўрарадыё купіла 5 долараў у адным з філіялаў “Беларусбанка”. Уся працэдура заняла каля 10 хвілінаў. Магчыма, банкі яшчэ не прызвычаіліся да новай сістэмы.
“Вы сёння наш першы кліент, якога мы абслугоўваем па пашпарце”, — віншуе супрацоўніца банка. Па яе словах, працэдура займае шмат часу, таму што ўводзіць трэба абсалютна ўсе звесткі — прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку; найменне дакумента, яго серыя і нумар; асабісты нумар або дата нараджэння.
На якія мэты набываецца валюта, удакладняць не будуць, нават калі гэта сума вялікая, кажа Еўрарадыё супрацоўніца “Беларусбанка”. З сёння новая сістэма дзейнічае ва ўсіх абменных пунктах краіны.
Фота: bymedia.net