"Адборышча" - хітра спланаваны крок ці чарговы правал?

120625 Ma6a Adbory64a.mp3

Такога “Адборышча” Мінск яшчэ не бачыў: 10 чалавек гледачоў, цемра ў пракуранай зале бару “Рокер”, жахлівы гук, разбэраны Алесь Таболіч у ролі вядучага незразумелай імпрэзы. І два ўдзельнікі адбору. PaNaNieba і Pawa. І ўсё.

Алесь Таболіч

“Я магу адно сказаць: так не робіцца! Трэба  рабіць за паўгода і “Адборышча” і “Басовішча!”, - абураўся Алесь Таболіч, якога польскі бок прызначыў адказным за т.з. “Адборышча”, хоць сам музыка толькі вярнуўся з фэста ў Літве.

Спачатку на сцэну выйшлі PaNaNieba. Праспявалі 2 песні і сышлі. Потым пасля доўгай адстройкі гуку вышлі музыкі каманды Pawa. Чалавек 7! Яны падаліся сапраўды фестывальным, этна-рокава-электронным гуртом. Сыгралі 4 песні.

Удзельніцы Pawa

Юрась Панкевіч

“Я думаю, праблема была б вырашаная вельмі проста, калі б гэты фестываль рабілі беларусы самі, беларуская дзяржава. Яна б яго рабіла, калі б мела густ. Густу няма, рабіць не можа. Таму, чаму крыўдзіцца, калі мы маем, што маем, і дзякуй Богу, што нашы суседзі-палякі даюць нам магчымасць зрабіць такі фестываль”, - пракаментаваў сумнае “Адборышча” музыка гурта Юрась Панкевіч.

На “Паве” канкурсанты адбору на “Басовішча” скончыліся. Астатняя тройка гуртоў проста не прыйшла. Ім проста не паведамілі пра тое, што ў гэты вечар трэба выступаць на адборы. Ну, няма і няма. Гэтая акалічнасць нават аблегчыла працу журы, у ролі якога выступіла сёлетняя арганізатарка “Басовішча” Ганна Пякарская з калегам.

Ганна Пякарская

Ганна Пякарская: Pawa – гэта нешта новае. Але не ведаем, што іншыя гурты прапануюць, пабачым, хто пераможа.


Еўрарадыё: Кажуць, на гэтым гурты скончыліся. Як жа вы будзеце абіраць пераможцу?

Ганна Пякарская: Ну, тады, тыя, што не прыехалі, згубілі свой шанец. Маем два гурты і пабачым: выйграе Pawa ці PaNaNieba, альбо проста прапусцім абодва.

Unia

Пакуль выступалі колішнія пераможцы “Басовішча” - гурт Unia, а журы вызначала сёлетняга маладога ўдзельніка фэсту, мы пагутарылі з Яўгенам, які 5 гадоў запар разам з сябрамі ездзіць на “Басы”. Збіраецца і сёлета. Праўда, не выключае, што аднойчы ўзровень фэста апусціцца яшчэ ніжэй, і ў бок Гарадка можна будзе не ехаць. Лепшым жа выйсцем для фестывалю Яўген бачыць паўзу:

“Ну, гэта, напэўна, быў бы добры варыянт. Каб яшчэ людзі адпачылі гадок ці два, каб трохі забыліся, і з добрымі сіламі, з добрымі хэдлайнерамі ўсё ўзнавіць – было б вельмі добра! Гэта вельмі цікавы варыянт”.

… І вось журы вызначылася, а Ганна Пякарская раптам выдала наступнае:

 "Гэтае "Адборышча" было ў пэўным сэнсе эксперыментам. Мы запрасілі 5 гуртоў і хацелі паглядзець, каму сапраўды належыць выступаць на фестывалі. Толькі 3 дні таму гурты даведаліся пра тое, што будуць граць у конкурсе. На "Адборышча" прыйшлі 2 гурты. Гэта значыць, што ім сапраўды належыць там сыграць. І таму яны сыграюць на "Басовішчы”.


Во як! Апынулася, што кепскі гук, адсутнасць элементарнай арганізацыі адбору – запланаваны крок! Гэткае выпрабаванне для канкурсантаў! Сыграеш у такіх умовах – значыць, наш – “басовішчанскі”! Вельмі хочацца спадзявацца, што “Адборышча” не стане рэпетыцыяй сёлетняга “Басовішча” і не расчаруе канчаткова сваіх адданых прыхільнікаў і музыкаў.

P.S.: А яшчэ Ганна Пекарская сказала, што таксама на "Басах" выступіць Neuro Dubel. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі