Алена Танкачова: Будзем высвятляць, адкуль з'явіліся "скокі на касцях"

Дзяржаўныя тэлеканалы на працягу двух дзён агучвалі інфармацыю пра паседжанне камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы ў Страсбургу, на якім разглядалася сітуацыя ў Беларусі. У прыватнасці адзначалася, што на ім прысутнічалі "спадар Бяляцкі і нейкая спадарыня Танкачова", якія, нібыта, прасілі ўвесці эканамічныя санкцыі супраць нашай краіны, "цынічна выціралі ногі аб людское гора". Учора пра іх згадаў і Аляксандр Лукашэнка, які назваў праваабаронцаў прадстаўнікамі "пятай калоны", а іх паводзіны ахарактарызаваў як "скокі на касцях".

Алена Танкачова ў жывым эфіры Еўрарадыё распавяла, што яна і Алесь Бяляцкі ведаюць пра гэтыя выказванні. Праваабаронца ўспрыняла іх як асабістую знявагу.

Танкачова: "Мы вернемся ў Мінск, я зраблю запыт да Белтэлерадыёкампаніі, кампаніі АНТ, і кампаніі СТВ, якія па адной паперцы чыталі гэты "выдатны" тэкст. Паспрабую высветліць, адкуль у іх гэтая інфармацыя, на падставе якой яны палічылі магчымым рабіць высновы аб "скоках на касцях". А далей будзем разбірацца. Я буду чакаць прабачэнняў".

Алена Танкачова адзначыла, што на дзяржаўных тэлеканалах не было не сказана ні слова наконт таго, што паседжанні ў ПАСЕ пачыналіся з хвіліны маўчання па ахвярах тэракту ў мінскім метро.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі