Аляксандр Памідораў зладзіў "Рок-кароль-паці" (Фота, відэа)
Паміж песнямі Pomidor/OFF частавалі прысутных “віскаром” з галоўнай рок-кароны.
"У нашу адсутнасць нас узнагародзілі дзвюма рок-каронамі за лепшую песню і як лепшы гурт 2011 года, - пачаў свой выступ Аляксандр Памідораў і дастаў галоўную карону ды бутэльку віскі. - Чаму "Рок-карона-паці"? Час ад часу з гэтай кароны будзе шанец выпіць".
І з гэтага моманту праз кожныя тры-пяць песень музыкі Pomidor/OFF спыняліся каб пачаставаць прысутных “віскаром” з кароны. Першым "прычасціўся" Фёдар Жывалеўскі, лідар гурта "Голая манашка", які так расчуліўся, што ў падзяку пацалаваў руку Памідораву.
За двухгадзінны канцэрт Аляксандр паспеў пачаставаць усіх, каго ведаў, а такіх было нямала. У зале прысутнічала нават стваральніца знакамітай у савецкія часы тэлепраграмы "Встретимся после одиннадцати" Галіна Красоткіна, якая ўжо шмат год жыве ў Амерыцы.
Дырэктар студыі "ОСМОС" быў на машыне, таму з кароны піў мінералку!
"Я ўзгадала адну гісторыю. Я ішла на працу на тэлебачанне, а наперадзе ў метрах ста ішоў тады яшчэ Аляксандр Крывашэеў (прозвішча ў пашпарце Памідорава) - дзеліцца ўражаннямі Галіна Красоткіна. - Ён не бачыў, што за ім нехта сочыць, і размахваў рукамі ды спяваў рэп. Гэта было выбітнае відовішча, ён абсалютна апантаны чалавек і гэта незабыўна. Такая музыка, якую робяць хлопцы, для мяне сапраўднае адкрыццё. Менавіта тое, што яна ёсць у Беларусі і такой якасці".
Пасля глытка музыкі Monkey Bite прызналіся, што ведаюць усе песні Pomidor/OFF на памяць
"Разаграваў" гурт Pomidor/OFF нарачанскі калектыў "Да!Бл..!", які запрасіў сам рок-кароль літаральна за дзень да канцэрта.
Нарачанскі гурт "Да!Бл..!" не толкі выступілі, але і выпілі
"У мяне проста ёсць такое стаўленне: сольны канцэрт – гэта, вядома, добра, але лепш пад гэты сольнік прыцягнуць яшчэ кагосьці, - тлумачыць выбар разагрэву лідар Pomidor/OFF. - Не таму што няма матэрыялу, а проста каб хто-небудзь яшчэ засвяціўся. Гэта проста шанец. Мне хлопцы спадабаліся, яны вельмі някепска выступілі на Graffiti Open Music Fest. На іх месцы мог быць любы іншы гурт, які б мне спадабаўся".
Перад канцэртам Зміцер Харытановіч адладзіў бубны, гэта вельмі ўзрушыла супрацоўнікаў "Графіці":)
Канцэрт традыцыйна пачаўся "Вітальнай", а далей музыкі выконвалі песні з цяпер ужо двух сваіх альбомаў "Свята пакрадзенае" ды "Патас/Попс/Прапаганда". Таксама ўзгадалі "Цуд на каляды", дзе партыю Веранікі Кругловай выканала зала, ды "Крывавае свята", пасля якой прыкладна на хвіліну павісла цяжкая цішыня. Дарэчы, песню-рэакцыю на трагедыю на Нямізе 1999 года, гурт Pomidor/OFF не граў з 2007 году, зараз жа яе ўключылі ў трэк-ліст, "каб людзі не забываліся," - патлумачыў Аляксандр Памідораў.
"Травень месяц, і гэтая тэма для мяне ўласна зноў паўстае. Я не ведаю, ці будзем мы граць яе далей, бо яна ўсё ж вельмі цяжкая. Але думаю, што час ад часу будзем нагадваць пра тое, пра што ніводны беларус не мусіць забывацца. Яшчэ прыйдзе час, калі "на бела" будзе апублікавана тое, як усё было насамрэч, і колькі насамрэч людзей можна лічыць ахвярамі той катастрофы".
Напрыканцы Pomidor/OFF выканаў асноўныя хіты апошняга альбома "Дым" ды "Радыё". А ў якасці бісу Аляксандр заспяваў рэгі-песню "Летняя". А перад гэтым прызнаўся, што сябры яму ўжо даўно раяць граць рэгі, і цалкам магчыма, што адзін з будучых альбомаў гурта будзе менавіта ў гэтай стылістыцы.
Памідораў так і не перадаў карону сваім музыкам і гэта вельмі засмучала Сяргея Канановіча
Не гледзячы на малую колькасць барабанаў, Зміцер заняў амаль палову сцэны