Амерыканскі гурт Ozomatli паспрабаваў трапіць у беларускі “чорны спіс”
Яны вывучылі фразу “Жыве Беларусь!” і пракрычалі яе ў эфіры Еўрарадыё. Слухайце інтэрв’ю!
Інтэрв'ю - Амерыканскі гурт Ozomatli паспрабаваў трапіць у беларускі “чорны спіс” - euroradio.fm by mcdavid
Усім прывітанне, на гэтую гадзіну вашу ўвагу перахопліваю я, Міла Котка. У мяне сёння місія – пазнаёміць вас з цікавымі амерыканскімі музыкамі, трохразовымі лаўрэатамі Грэмі, якія вандруюць па ўсім свеце і спяваюць пра правы чалавека. Клічуць музыкаў Азаматлі і 7 ліпеня а 20 гадзіне іх бясплатны канцэрт адбудзецца ў Варшаве, у Скверы Хувера.
Дарэчы, паездку на гэты канцэрт выйграла наша слухачка Вольга, якая напісала гісторыю, што натхніла Азаматлі на магчымую першую песню пра Беларусь.
Ну а цяпер да справы – гурт Азаматлі ў студыі Еўрарадыё! Вітайце!
Уліс Бэя: Прывітанне, мяне клічуць Улісіс Бэя, я граю на саксафоне і шматлікіх іншых інструментах у гурце Азаматлі.
Уіл-Дог: Я Уіл-Дог, басіст.
Еўрарадыё: Сябры, рады вітаць вас у нашай студыі. Вось гляджу я на афішу з вашым канцэртам, бачу 11 музычных стыляў, у якіх вы граеце, і мяне гэта вельмі здзіўляе. Як усё гэта магчыма сыграць у адным гурце? Для слухачоў я пералічу нават: urban Latino, hip-hop, salsa, dancehall, cumbia, samba, funk, merengue, comparsa, R&B, ragga.
Уіл-Дог: Калі мы сабраліся разам, як гурт, мы не хацелі граць ў нейкім адным канкрэтным стылі. Кожны з нас любіў і добра ўмеў граць свой стыль музыкі, і мы вырашылі скарыстацца гэтым - граем усё, што падабаецца кожнаму з удзельнікаў нашага гурта. Да таго ж, апошнія 16 гадоў мы вельмі шмат вандруем, вывучаем музыку розных народаў, набываем музыку на вуліцы, гэта, безумоўна, таксама ўплывае на нашы густы.
Улі: Мы ўсе з Лос-Анжэлесу, а гэта вельмі мультыкультурны горад. Мы усе выраслі, слухаючы музыку розных стыляў, выраслі на хіп-хопе, на музыцы з Лацінкай Амерыкі, якая вельмі папулярная ў Лос-Анжэлесе: R&B, фанк і ўсё такое. Але да таго ж, як сказаў Уіл-Дог, мы вельмі шмат вандруем і нам падабаецца вывучаць розныя музычныя традыцыі – мы вялікія прыхільнікі музыкі!
Еўрарадыё: Мець розныя густы – гэта крута, але наколькі лёгка вы знаходзіце паразуменне сярод усіх удзельнікаў гурта? Можа, хтосьці катэгарычна не хоча граць які-небудзь дэнсхол? Спрэчкі бываюць?
Уіл-Дог: Не тое, каб спрэчкі... Калі я прапаноўваю якую-небудзь ідэю, і яна захапляе ўсіх удзельнікаў гурта – усё вельмі добра ідзе, ідэя хутка праходзіць праз усіх і “спрацоўвае”, а вось калі ідэя падабаецца толькі мне – вялікі шанец, што нічога з гэтага не атрымаецца.
Улі: Моц калектыву!
Уіл-Дог: Да таго ж мы ж не граем адну песню ў стылі дэнсхол, другую – у стылі хіп-хоп і гэтак далей, не. Нашая музыка -- гэта камбінацыя і спалучэнне ўсіх стыляў. Гэткі гібрыд, які робіць нашу музыку унікальнай.
Улі: У той жа час, уся нашая музыка – танцавальная. І калі мы бачым, што некаторыя рэчы не качаюць натоўп, мы іх пераробліваем у нешта іншае. Бо нас захапляе толькі тое, што рухае нашу аўдыторыю. Мы не з тых музыкаў, якія граюць толькі для сябе ў гаражах ці сутарэннях і думаюць, якія яны крутыя і як выдатна яны могуць сыграць тое ці гэта. Наша музыка мусіць рухаць людзей.
Мы спяваем пра правы нашых братоў і сясцёр геяў, і мы такім чынам дапамагаем ім змагацца
Еўрарадыё: Раскажыце, які галоўныя тэмы вашых песень, і чаму вы ўвогуле вырашылі пра гэта спяваць?
Улі: Мне цяжка сказаць, што ўвогуле існуюць хоць якія-небудзь спецыяльныя тэмы. Усё, пра што мы спяваем у сваіх альбомах – гэта сапраўды тое, што нас кранае, але гэта не нейкая адна “вечная” тэма, якая гучыць з альбома ў альбом.
Заўсёды ёсць нешта, што важна менавіта ў дадзены момант часу. І на гэта мы звяртаем увагу. На адным альбоме можа быць адна песня супраць вайны, другая пра правы імігрантаў, трэцяя пра правы жанчын. А на другім альбоме – вось, як напрыклад, у нашым апошнім – пра правы нашых братоў і сясцёр геяў, і мы такім чынам дапамагаем ім змагацца.
Еўрарадыё: Дык якія тэмы кранаюць вас менавіта цяпер? Вось, вы ўпершыню прыехалі ў Польшчу...
Улі: Менавіта ў гэты момант... Мы глядзелі навіны, бачылі, што ў Беларусі адбываюцца зусім вар’яцкія рэчы. Шмат зменаў адбываецца і на Сярэднім Усходзе – з усімі іх арабскімі рэвалюцыямі. То бок шмат рэчаў, на якія варта звярнуць увагу. І ў нашай роднай краіне таксама шмат адбываецца рэчаў, ад якіх нам вельмі сумна. Але ў той жа самым момант, мы разумеем, што ўсе гэтыя праблемы – гэта ўсяго толькі адлюстраванне таго, што адбываецца паўсюль у свеце.
Уіл-Дог: Хачу толькі дадаць, што сапраўды гэта так. Напрыклад, эміграцыя – гэта вялікая праблема зараз для Амерыкі. Шмат спрэчак узнікае паміж людзьмі, якія толькі што пераехалі ў “лепшую краіну” і тымі, хто ўжо даўно там жыве. Але ў гэтым пытанні мы заўсёды на баку тых людзей, якім давялося пакінуць свой дом. Мы хочам, каб людзі зразумелі, што ніхто не хоча пакідаць свой дом, сваю сям’ю, і калі людзі гэта робяць – значыць яны вымушаны гэта зрабіць. Таму мы стараемся падтрымліваць эмігрантаў і дапамагаем ім змагацца за свае правы. Таму што кожны чалавек на гэтым свеце заслугоўвае базавых рэчаў: бяспечнага месца для жыцця, кахання, ежы, вады. Мець гэта – гэта права кожнага чалавека, і мы за гэта змагаемся.
Еўрарадыё: Пытанне ад слухача: Адзін з вашых першых канцэртаў адбыўся на дэманстрацыі. Ці паўтарылі бы вы выступленне на дэманстрацыі, калі б падтрымлівалі ідэі пратэстуючых?
Улі: Няма пытанняў, мы можам падтрымаць любы рух. Гэта вельмі натуральна для нас, дапамагаць пратэстуючым, працаўнікам.
Уіл-Дог: Так, гэта нашая гісторыя – мы як каманда сустрэліся і пачалі з дэманстрацыі. З таго часу мы падтрымліваем вельмі шмат рухаў – за лепшыя становішча жаночых прытулкаў, за пабудову клінік для ВІЧ-інфектаваных, за салідарнасць з палітычнымі зняволенымі ў ЗША... што яшчэ?
Улі: Супраць войнаў. Мы адзін з тых гуртоў, якія вельмі гучна выказваліся супраць таго, што робіцца ў Афганістане, Іраку. Так, “9-11” была вялікай трагедыяй, але мы супраць таго, каб выкарыстоўвалі гэтую трагедыю, каб пабудаваць машыну вайны. І мы былі аднымі з першых, хто сказаў пра гэта ўголас. І ў той час нас амаль ніхто не разумеў – усе казалі, як вы можаце крытыкаваць дзеянні Амерыкі супраць гэтых “тэрарыстычных” краінаў? Але было так відавочна, што людзьмі маніпуліравалі...І зараз, калі прайшоў час, усё больш і больш амерыканцаў хочуць, каб нашы салдаты вярнуліся ў сем’і і пакінулі гэтыя краіны.
І мне падаецца, тое самае робіцца і ва ўсіх іншых краінах свету, дзе дзяржавы спрабуюць апраўдаць свае ваенныя дзеянні тым і іншым чынам. Але мы заўсёды будзем гуртом, які выступае за мір.
Калі табе ўсё роўна і ты хочаш пець выключна пра сваю дзяўчыну – хэй, гэта ты! І гэта таксама крута!
Еўрарадыё: А вось гэта вялікае пытанне – ці мусіць артыст быць палітызаваным? У Беларусі, напрыклад, заўжды ідзе бойка меркаванняў на гэты конт. У нас нават ёсць такое – артыст спявае вострасацыяльныя песні, а ад палітыкі трымаецца як мага далей.
Улі: У мяне няма адназначнага меркавання, што значыць быць музыкай у Беларусі – я не вельмі валодаю сітуацыяй. Хто ведае, якія наступствы чакаюць музыкаў у вашай краіне, калі яны прама выказваюць сваё меркаванне? Але я хачу сказаць наступнае: у большасці выпадкаў музыка, мастацтва – гэта прамое адлюстраванне мыслення грамадства. І я паважаю тых музыкаў, якія не баяцца выказваць сваё меркаванне. Ведаеце, так шмат музыкаў натхнілі ў свой час людзей на тое, каб нешта памяняць у гэтым свеце – Боб Дылан, Боб Марлі, Мэрсэдэс Саўза – неверагодная колькасць артыстаў. Часамі тое пасланне, якое музыкі нясуць сваімі песнямі, можа стаць прычынай вялікіх сацыяльных зменаў.
У прыватнасці, калі казаць пра Беларусь, тая сітуацыя, якую мы цяпер назіраем -- пратэсты людзей, якія падаўляюцца – магчыма, беларускія музыкі ўжо напісалі песні пра гэта і спяваюць, я не ведаю. Бо гэта сапраўды момант, каб напісаць гэтыя песні.
У той жа самы час, я ніколі не скажу музыку “Ты мусіш! Мусіш напісаць гэтую песню! Мусіш спяваць пра ўсё тое, што адбываецца!”. Тое, што я паважаю – гэта шчырасць. Калі ты сапраўды адчуваеш патрэбу спяваць песню пра тое, з чым не згодны, калі насамрэч хочаш нешта змяніць навокал сябе – тады і рабі гэта. Але калі табе ўсё адно, ці не настолькі важна, калі ты хочаш пець выключна пра каханне, пра сваю дзяўчыну, пра свае сардэчныя перажыванні і гэтак далей – хэй, гэта ты! І гэта таксама крута, рабі гэта!
Але асабіста мы паважаем і любім тых артыстаў, якія спрабуюць сваёй музыкай данесці пэўны мэсэдж, абудзіць людзей, прымусіць іх задумацца над тым, што адбываецца.
Калі б мы трапілі ў чорны ліст – нам было б усё роўна, мы б папросту працягвалі граць, дзе заўгодна
Еўрарадыё: Цікава, а вы калі-небудзь сутыкаліся з праблемамі з-за сваёй музыкі, сваіх тэкстаў? Вас калі-небудзь забаранялі? Вы калі-небудзь былі ў “чорных спісах”?
Улі: Не ўпэўнены наконт “чорных спісаў”, але камусьці напэўна не падабаюцца тыя ідэі, якія мы выказваем у сваіх песнях.
Напрыклад, пасля трагедыі “9-11” у Амерыцы мы давалі шмат канцэртаў супраць вайны з краінамі, якіх падазравалі ў тэрарызме. Нас не разумелі, як мы можам быць супраць таго, каб Амерыка бамбіла тых, ці гэтых.
Уіл-Дог: У Нью-Йорку, напрыклад, пасля “9-11”, людзі былі супраць нашых канцэртаў.
Улі: Але цікава, што канцэрт быў цалкам распраданы, і людзі вельмі дзякавалі нам, што мы прыехалі і далі канцэрт. Гэта было акурат 2 тыдні пасля трагедыі, у той час уся музычная індустрыя спыніла сваю дзейнасць, ніхто не даваў ніякіх канцэртаў, а мы адчувалі, што гэта важна – працягваць выступаць.
Я б хацеў падзякаваць усім удзельнікам конкурсу на Еўрарадыё. І перадаць ім нашы дыскі з аўтографамі
Еўрарадыё: Давайце цяпер пагаворым пра конкурс, які мы правялі на Еўрарадыё. Трэба было натхніць вас на напісанне першай песні пра Беларусь... Можа быць... Калі-небудзь!
Улі: Так-так, цалкам магчыма, мы і напішам. Усё можа быць.
Еўрарадыё: Дык вось, ваш выбар здзівіў шмат каго з нашых слухачоў. Справа ў тым, што перамагла адзіная гісторыя, дзе расказвалася не пра тое, як у Беларусі ўсё “няправільна”, а пра тое, як дзяўчыне, якая пераехала сюды з Азіі, падабаецца ў нас жыць, бо ўсё стабільна, прыгожа, добра і г.д. Можаце патлумачыць свой выбар?
Улі: Калі шчыра, то нам проста было радасна ад таго, што людзі гэтыя гісторыі напісалі, што людзі зацікавіліся нашым гуртом і праявілі творчасць. А з выбарам адной гісторыі нам дапамаглі - нам прынеслі і сказалі – вось гэтая гісторыя можа быць лепшай, ну, мы і пагадзіліся. Але я б хацеў падзякаваць усім. І перадаць ім нашы дыскі з аўтографамі. (Звязвайцеся з намі! Усе дыскі чакаюць вас - Еўрарадыё).
Я ўпэўнены, што для таго, каб песня спадабалася, зусім не абавязкова разумець тэкст
Еўрарадыё: Што мусіць зрабіць музыка, каб выйграць Грэмі? Ну ці хаця б стаць папулярным? Асабліва не ў сябе на радзіме? Часта бывае, што каманды едуць у Амерыку за “Амерыканскай марай”, і там і знікаюць...
Улі: Я заўсёды кажу – уся моц – у песнях! Калі вы напішаце песню, якая сапраўды кранае людзей, яднае іх, то УАУ! гэта лепш, чым любое золата.
Уіл-Дог: Ведаеце, нават з Азаматлі, з усімі гэтымі перамогамі Грэмі, да гэтага часу зусім не ўсе ведаюць пра наш гурт, хто мы такія. Але гэта пытанне пошуку сваёй аўдыторыі. Не ўсім можа спадабацца тое, што вы граеце, але, будзьце ўпэўненыя, што ваша аўдыторыя ёсць, камусьці абавязкова спадабаецца тое, што вы робіце. Галоўная задача – знайсці гэтых людзей.
Еўрарадыё: Калі казаць пра мову, добра ці дрэнна тое, што каманды пачынаюць спяваць на англійскай мове, у надзеі знайсці любоў англамоўнай аўдыторыі?
Уіл-Дог: Калі хочаш, каб цябе палюбілі англамоўныя – у цябе няма другога выйсця, табе трэба спяваць па-англійску. Ці як для нас, двухмоўнага гурта, калі мы адрасуем песню іспанамоўнай аўдыторыі, мы мусім спяваць па-іспанску. Няма іншага выйсця.
У нас таксама ёсць складанасці з тым, што мы двухмоўны гурт. Сапраўды, некаторыя амерыканцы нават слухаць нас не хочуць, бо кажуць, аааа, яны ж па-іспанску спяваюць... ну іх, тое самае і з іспанамоўнымі – яны глядзяць, што мы амерыканцы, спрабуем нешта пець па-іспанску, ну і ўсё роўна, да канца нас не прымаюць.
Таму мы і кажам, што вельмі важна, знайсці сваю аўдыторыю, сваю фэн-базу, тых людзей, якім будзе гэта ўсё падабацца.
Улі: Ведаеце, а я ўвогуле ўпэўнены, што для таго, каб песня спадабалася, зусім не абавязкова разумець тэкст. Я ўпэўнены, што калі які-небудзь гурт паедзе ў Амерыку, і будзе спяваць класныя песні па-польску, па-беларуску, яны спадабаюцца амерыканцам. Але, вядома, добры працэнт з іх скажа, ой не, нічога не разумею і слухаць не буду.
Уіл-Дог: Так, калі вы пытаеце нас, мы любім розныя мовы і музыку з усяго свету. Мы нядаўна былі ў Паўночнай Афрыцы і слухалі музыку там, хоць не разумелі ні воднага слова. Для нас мовы – не важныя, але для масавага слухача – важныя. Так што, калі хочаце большай аўдыторыі – мусіце вучыць мову і спяваць на ёй.
Дарэчы, а што трэба сказаць, каб трапіць у беларускі “чорны спіс”?
Еўрарадыё: А вы мусіце ўжо ведаць 45 моваў, не?
Улі: Не, гэта немагчыма!
Уіл-Дог: А што, трэба вывучыць, можа тут дадзім каму інтэрв’ю на польскай!
Еўрарадыё: Ну, мы акурат можам навучыць вас некалькім словам па-беларуску. Скажаце “Прывітанне, слухачы Еўрарадыё!”
Уіл-Дог: ...(доўгія спробы паўтарыць)...
Улі: Вось бачыце! Мы ўжо вучым беларускую, нават не даехаўшы да Беларусі.
Еўрарадыё: Будзе вельмі крута, калі даедзеце калі-небудзь!
Уіл-Дог: Ды нас у чорны спіс занясуць адразу, думаю, можна забыцца пра гэта...
Еўрарадыё: Ну, гэта не факт, гэта залежыць ад вашых паводзін.
Уіл-Дог: Дарэчы, а што трэба сказаць, каб трапіць у беларускі чорны спіс?
Еўрарадыё: .... Ды праўду, дастаткова будзе.
Улі: (смяюцца), Ну нічога сабе! Праўды дастаткова, каб трапіць у чорны спіс!
Еўрарадыё: Ну, калі будзе недастаткова, дадайце фразу “Жыве Беларусь!”. Тады без сумневу.
Улі: А што гэта значыць?
Еўрарадыё: Слоган, які выкарыстоўваюць апазіцыя і дэмакратычныя рухі.
Уіл-Дог: Ну тады Gheeve Belarus!
Шоу мусіць быць сапраўды крутое! Быў бы я проста слухачом – прыйшоў бы паглядзець. Тым больш, гэта бясплатна!
Еўрарадыё: Добра, хопіць пра Беларусь, давайце пагаворым пра ваш канцэрт ў Варшаве – 7 ліпеня. Што цікавага чакаць людзям, якія прыйдуць на канцэрт?
Уіл-Дог: Ozomatli – каманда, якую вы яшчэ ніколі не бачылі, і не бачылі нават нічога падобнага да нас. Вядома, мы не самая лепшая каманда ў свеце, але мы абяцаем моцную энергетыку, шмат забавы, мы чакаем ,што людзі будуць шмат танчыць на нашым канцэрце, мы будзем як мага больш узаемадзейнічаць з публікай. Спадзяюся, што ўсе прыйдуць нас паслухаць, таму што шоў мусіць быць сапраўды крутое!
Улі: Гэта наш першы раз у Польшчы. І гэта заўсёды асаблівы момант для каманды, граць недзе ў першыню. І мы спадзяемся на цудоўную рэакцыю аўдыторыі. Да таго ж, канцэрт бясплатны. Менавіта такія канцэрты нам падабаецца граць больш за ўсё.
Наступны альбом мы хочам запісаць для дзяцей
Еўрарадыё: А раскажыце яшчэ пра свой апошні альбом “Fare Away”.
Улі: Гэтаму альбому ўжо каля года, але ён вельмі важны для нас, гэта як наступны раздзел ў эвалюцыі Азаматлі. Гэты альбом цалкам базуецца на джэме. Мы вельмі шмат джэмілі на працягу запісу. Таксама мы запісвалі шмат кавалкаў у розных кутках свету і пасля выкарыстоўвалі гэта ў нашым альбоме. Напрыклад, мы джэмілі з музыкамі з Паўднёвай Афрыкі, запісалі гэта, а пасля выкарысталі запіс як сэмпл для адной з нашых песень.
Мы ганарымся гэтым альбомам, і, працягваем рухацца ў гэтым накірунку, працуем зараз над новым. Дарэчы, у нашых планах, запісаць альбом для дзяцей.
Прыходзьце на канцэрт, скачыце на сцэну і мы замуцім што-небудзь разам
Еўрарадыё: Ці збіраецеся вы знайсці натхненне і ў Еўропе, у Польшчы, напрыклад? Ці будзеце джэміць з мясцовымі музыкамі?
Улі: Так, вядома! Вось, на канцэрце перад намі будзе граць рэпер Кроў – ён з Польшчы, мне падаецца.
Еўрарадыё: Не, ён з Беларусі, проста жыве ў Польшчы.
Улі: О! Я гэтага не ведаў! Дык вось, мы будзем джэміць з ім, паспрабуем на сцэне разам зрабіць некалькі сумесных рэчаў. Не ведаю, як у Беларусі, але ў Польшчы хіп-хоп-рух вельмі моцны, і мы сапраўды зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з мясцовымі музыкамі.
Еўрарадыё: А як вас злавіць, каб пасупрацоўнічаць?
Улі: Дык няхай прыходзяць на канцэрт, скачуць на сцэну пасля Крова, і мы замуцім што-небудзь разам! Усё вельмі проста! Калі рэперу патрэбны біт—мы дадзім яму біт!
Еўрарадыё: А што казаць пра тых, хто не рэпуе, а, дапусцім, грае на якіх-небудзь інструментах?
Улі: Хай таксама прыходзяць! Не, сур’ёзна, Азаматлі вельмі любіць супрацоўнічаць з мясцовымі музыкамі. І яшчэ круцей, калі вы граеце на якім-небудзь інструменце, які мы да гэтага не бачылі, ці бачылі, але вы майстра на ім граць – мы будзем шчаслівыя сыграць з вамі разам.
Вось і казцы канец, а хто слухаў – папляскайце ў далоні. Такі вось пратэстны гурт пабываў у студыі Еўрарадыё. Нагадаю, называюцца яны Азаматлі, яны з Амерыкі, і 7 ліпеня будуць граць у Варшаве свой першы канцэрт. Дарэчы, бясплатны. Усіх вас чакаюць. І мы пойдзем.
Усяго вам найлепшага... і, натхнёная размовамі з амерыканцамі, скажу нават: змагайцеся за свае правы і выказвайце свае меркаванні ўслых. Неяк так. Да сустрэчы, гэта была Міла Котка і ваша Еўрарадыё.
Паўтор інтэрв'ю ў нашым эфіры ў пятніцу 8 ліпеня з 20:30 да 21:30! Ціснеце плэйр "жывога эфіру".
Фота: mainstreetartsfest11.sched.org, kroq.radio.com, anneneijnens.blogspot.com, photoblog.statesman.com,
marchingsport.com, ozomatli.bigcartel.com, nmmatters.com, spinningplatters.com, cwa9588.org,