Патліс граў у "Рэпабліку" лірыку, рок, метал і песню на беларускай мове
Такім чынам музыка прэзентаваў у сталіцы свой апошні альбом і павіншаваў жанчын з веснавым святам.
6 сакавіка ў сталічным Re:public музыка Аляксандр Патліс зладзіў шматфункцыянальны выступ.
“Гэта проста быў добры, хатні, клубны канцэрт: Аляксандр Патліс усё-такі жыве, сустракаецца са сваімі сябрамі… пачатак вясны, пярэдадзень 8 сакавіка, прэзентацыя альбома “Читай мои мысли” і прэзентацыя дыска з беларускамоўнай песняй і пераробленым трэк-лістом”, - дае характарыстыку падзеі спявак, які даволі доўга не выступаў у Мінску ў сувязі са шчыльным гастрольным графікам.
Аляксандр Патліс і альтэрнатыўны Re:public, падавалася – мала сумяшяальныя з’явы. І гледзячы на “сядзячых” віпаў, што размеркаваліся за столікамі, думалася, што музыка памыліўся ў выбары канцэртнай пляцоўкі. Але самі “віпы” так зусім не думалі.
“Мы даўнія прыхільніцы Аляксандра Патліса, - дзеляцца ўражаннямі ад імпрэзы дзве сяброўкі. – Першы раз мы наведалі яго клубны канцэрт і, ведаеце, нават вельмі спадабалася. То бок, сапраўды, як ён сказаў, магчымая свабода дзеянняў - можна патанцаваць, можна паспяваць – адчуваеш сябе разняволена. Здорава!”
Другі міф, які разбурыў Патліс – тое, што ён лірычны поп-выканаўца, як прынята думаць, назіраючы за музыкам на беларускіх тэлевізійных салянках. Не. Музыка ў суправаджэнні свайго бэнду з’яўляўся перад публікай часам нават не ў вобразе рокера, а металіста! Гучанне, моц, зладжанасць гурта ўражвалі. І голас Аляксандра – неверагодна чысты, прыгожы і ўсеахопліваючы.
“Мне вельмі гук падабаецца, - прызнаецца музыка Вінсэнт, які пераклаў на беларускую мову песню Патліса “Мегаполис”. – Бубны вельмі класна гучаць, усё добра чуваць, я нават здзіўлены крыху. Супер! У гэтым клубе часта замест гуку бывае каша. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што апарат нармальны, а справа ў прафесіяналізме музыкаў ці гукарэжысёраў”.
Тым не менш, зважаючы на маштабнасць гучання гурта, лірыкі спеваку-Патлісу не займаць. Толькі хочацца час ад часу нейкага нерву, нават драматызму – музыка выканаўцы ну вельмі цёплая. Але, можа, гэта і добра.
“Вельмі здзіўленая, прыемна здзіўленая, - распавядае наведвальніца канцэрта Алена. - І падумаць ёсць пра што – змястоўная творчасць. І, вядома, прасякнутая цеплынёй, дабрынёй. Я атрымала вялікае задавальненне”.
Падтрымаць Аляксандра прыйшоў былы калега па гурце “Новый Иерусалим” Эльшад Бабаханаў. Восенню музыкі мусяць уз’яднацца і даць канцэрт з нагоды 20-годдзя “Нового Иерусалима”.
Эльшад Бабаханаў: “Я ўсцешаны, што Саня рухаецца наперад. У яго выйшаў новы альбом, я яго слухаў, вельмі класна. Я рады, што ён застаўся верным стылю, верным сабе, і што ён працягвае рабіць тое, што можа”.
Сапраўды, Патліс рухаецца наперад. Пра гэта сведчыць і тое, што музыка рыхтуе да выхаду новы, трэці па ліку сольны альбом, хоча зняць канцэртнае відэа і паціху набліжаецца да беларускай мовы. Прэм’ера першай беларускамоўнай песні “Як я без цябе” адбылася падчас канцэрта і ўвайшла ў новую версію альбома “Читай мои мысли”. Такім татам сапраўды можна ганарыцца!
Дачка Анастасія: “Я вельмі люблю свайго бацьку і ён для з’яўляецца адным з ключавых людзей у маім жыцці. І, насамрэч, я вельмі ім ганаруся. Калі ён выходзіць на сцэну, калі пачынае спяваць, калі яго музыкі пачынаюць граць – кожны яго выступ – гэта свята і маленькая перамога ў маім сэрцы. Сённяшні выступ быў крутым. Музыкі запалілі натоўп і выклаліся на ўсе сто адсоткаў. Канцэрт быў вельмі класным і дамашнім”.
У канцэрце браў удзел музыка Пётр Клюеў