Апазіцыі прапануюць аб'яднацца дзеля абароны Курапатаў
Першымі такі крок зрабілі грамадзянская кампанія "Гавары праўду" і рух "За Свабоду".
Нагадаем, што каля месца масавых расстрэлаў падчас сталінскіх рэпрэсій цяпер будуецца забаўляльны комплекс. Першапачаткова ён называўся "Бульбашъ-холл", цяпер назва змененая на "Дачу".
30 кастрычніка прадстаўнікі кампаніі "Гавары праўду" і руха "За Свабоду" паведамілі, што разам пастараюцца дапамагчы развязаць праблему, якая ўзнікла праз галавацяпства мінскіх абласных чыноўнікаў.
Па словах аднаго з лідараў кампаніі "Гавары праўду" Андрэя Дзмітрыева, інвестарам скандальнага праекта выступаюць расійскія бізнэсмэны. Таму актывісты звярнуліся ў Мінаблвыканкам з ініцыятывай прыпыніць будаўніцтва забаўляльнага цэнтра, адкрыць там мемарыял памяці рэпрэсій. Расійскаму інвестару яны прапануюць вылучыць іншы зямельны ўчастак, папярэдне пакрыўшы панесеныя выдаткі, паведамляе сайт кампаніі "Гавары праўду". Будаваць забаўляльны комплекс каля месца масавых расстрэлаў — амаральна, лічаць актывісты. Як прыклад, яны называюць Бабін Яр пад Кіевам і канцлагер Асвенцім у Польшчы — нікому не прыйдзе да галавы пабудаваць каля іх забаўляльныя цэнтры.
Каардынатар руху "За Свабоду" Юрась Меляшкевіч лічыць, што Курапаты — гэта агульная трагедыя, якая можа аб'яднаць і палітычныя сілы, і грамадства ў цэлым. Актывісты ўжо збіраюць Каардынацыйную раду, у якую ўвойдуць аўтарытэтныя асобы. Так, сваю згоду на ўдзел у Радзе ўжо даў пісьменнік Уладзімір Арлоў.
Фота — БелаПАН