Апошні званок: на піва — забарона, гарэлка — свабодна
У Мінску забаранілі прадаваць піва і слабы алкаголь, а ў Магілёве не разумеюць, навошта.
Забаранілі прадаваць піва і алкаголь да 7 градусаў, але толькі з 12 дня да 11 вечара, і толькі ў Мінску. У "Радзівілаўскім" піва завешана шторкамі, а ўвесь алкаголь мацнейшы за 7 градусаў — свабодна стаіць у продажы.
"Усё, што не прадаецца, я прыбраў, астатняе прадаецца", — супрацоўнік крамы "Радзівілаўскі" акурат а 12 гадзіне прыбірае з прылаўкаў... слабаалкагольнае шампанскае і сідр.
У некаторых крамах не прадаюць алкаголь зусім. Спецыялізаваныя алкагольныя крамы на Маркса зачыніліся. У краме "Белая Русь" нічога са спіртнога. Але які сэнс? Спусціся па лесвіцы ў "Сталіцу" — і купі ўсё ў "Радзівілаўскім". Тым больш у гэтым няма сэнсу, бо крама працуе да 4 раніцы, а забарона дзейнічае да 23 гадзін.
"Яны ўжо ўсё набралі, а пасля 11 прыйдуць, калі якраз будзе прадавацца", — абмяркоўваюць супрацоўнікі крамы "Белая Русь".
У Мінгарвыканкаме тлумачаць, што хацелі б забараніць прадаваць усё. Але паводле закону могуць толькі рэкамендаваць.
"...плюс мы рэкамендавалі суб'ектам гаспадарання разглядзець пытанне аб забароне алкаголю цалкам на сёння. Мінгарвыканкам не упаўнаважаны забараняць, ён дае рэкамендацыі. Па піве мы ўпаўнаважаныя заканадаўчымі актамі, па піве мы забараняем, а па алкаголі рэкамендуем", — кажуць ва ўпраўленні гандлю Мінгарвыканкама.
Не ўсе на гэтыя рэкамендацыі зважаюць. Алкаголь у цэнтры прадаецца таксама і ва ўніверсаме "Цэнтральны".
"Тут адказнасць кладзецца на тых, хто стаіць на касе, разумееце? Каб не прадаваць падлеткам", — кажа адзін з пакупнікоў.
Музыка гурта "Петля пристрастия" Ілля Чарапко-Самахвалаў узгадвае свае школьныя часы і пацвярджае, што сэнсу ў такіх забаронах мала.
"Апошні званок я не памятаю, а выпускны памятаю да 2 гадзінаў ночы, а потым таксама не памятаю. Натуральна, загадзя разам з настаўнікамі і бацькамі скідваліся і складалі графік пакупак. У такой справе спантаннасць не ёсць эфектыўны спосаб ужывання алкаголю. Трэба загадзя падрыхтаваць сабе шлях адыходу ў небыццё".
Дарэчы, у Магілёве сёння няма забароны на продаж алкаголю. Ва ўпраўленні гандлю мясцовага гарвыканкама здзіўляюцца пытанню Еўрарадыё — чаму?
"А чаму мы павінны ў апошні званок? Гэта ж не выпускны вечар. Чым гэта матывуецца? Якімі нарматыўна-прававымі дакументамі? Навязаць ад сябе можна ўсё, але ж ёсць закон "Аб абарачэнні алкагольнай прадукцыі" і дэкрэты прэзідэнта. Там прапісана, у якіх выпадках".
У мінскіх крамах чакаюць 11 гадзіны і вялікіх чэргаў.
У "Радзівілаўскім" людзі закупляюцца алкаголем
А піва схавалі за шторкамі, да 23 яго не прадаюць
У "Белай Русі" не прадаюць нічога, бо атрымалі такі загад