Атрошчанкаў: Я не вольны чалавек і гэта было не вызваленне

Еўрарадыё: Сёння вы хадзілі ў міліцыю, каб стаць на ўлік. Для асобаў, якіх памілавалі, гэта абавязковая працэдура?
110919 Atroshchankau s.mp3
Аляксандр Атрошчанкаў: Увогуле, можна сказаць, што я зараз не вольны чалавек, і гэта было не вызваленне, а замена рэжыму, бо ў мяне ўстаноўленыя пэўныя абмежаванні. Я мушу паведамляць аб змене месца жыхарства, калі з’язджаю кудысьці больш чым на месяц. Я таксама папярэджаны аб тым, што за мной будзе ўстаноўлены нагляд, калі я парушу адміністратыўнае права тры разы на працягу года. А адміністратыўныя правапарушэнні з’яўляюцца ў нас вельмі хутка і неабавязкова нават дзеля гэтага з дому выходзіць.

Еўрарадыё: Ці можна вам выязджаць за мяжу?

Атрошчанкаў: Мне паведамілі, што ў іх пакуль няма інфармацыі, што мне нешта абмежаванае. Сказалі падыйсці ў пашпартны стол, удакладніць, але, хутчэй за ўсё, я магу выязджаць.

Еўрарадыё: Якія вашы бліжэйшыя планы, калі казаць пра грамадскую дзейнасць?

Атрошчанкаў: Бліжэйшыя планы — гэта дамагацца ўсімі сродкамі вызвалення тых, хто застаўся за кратамі.

Еўрарадыё: Ваш паплечнік Уладзімір Кобец, які цяпер знаходзіцца за мяжой, прызнаўся, што ў СІЗА КДБ яго прымусілі падпісаць паперу пра супрацоўніцтва з КДБ. Ці былі вам такія прапановы?

Атрошчанкаў: Мне былі розныя прапановы, яны тычыліся і дачы ілжывых паказанняў супраць Саннікава, супраць Статкевіча, супраць Бандарэнкі. Але я не размаўляў. Я ўвогуле не размаўляў, таму прапановы мне былі ў абмежаванай форме. Але, вядома, казалі пра магчымасць выхаду, пра магчымасць супрацоўніцтва, што яны нават будуць аказваць дапамогу ў маёй працы, калі я ім дапамагу. Казалі так шчыра, што гэта адзіны шлях выхаду з СІЗА.

Еўрарадыё: Яны казалі вам пра прыклады, што пачаў супрацоўнічаць з КДБ гэты і гэты?

Атрошчанкаў: Так, мне казалі. Але я не хацеў бы паўтараць тое, што я чуў ад людзей, якім я не веру.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі