Баранавіцкага актывіста ў яго дома збіў міліцыянт у цывільным
27 ліпеня грамадскі актывіст накіраваў заяву начальніку гарадской міліцыі і ў пракуратуру горада.
Аляксандр Вайцешык кажа, што 27 ліпеня ён прыйшоў у сваю кватэру, дзе ўжо яго чакаў невядомы ў цывільным. Гэтага чалавека неабачліва пусціла ў дом маці актывіста. Па словах Вайцешыка, незнаёмы не прадставіўся і замінаў выклікаць міліцыю: закручваў яму рукі і біў па галаве і целу. Як зафіксавала судмедэкспертыза, усяго было нанесена 22 удары.
Цяпер Вайцешык знаходзіцца ў гарадскім ізалятары часовага ўтрымання. Незнаёмец апынуўся маёрам міліцыі. І, магчыма, баранавіцкага актывіста абвінавацяць у супраціве работніку міліцыі, адзначае сайт "Вясна".
Баранавіцкія праваабаронцы мяркуюць, быццам нагодай для візіту міліцыянта стала тое, што Вайцешык адмаўляецца другі раз ісці на дактыласкапію без позвы.