Праляскоўскі: Сучасных пісьменнікаў не добра ведаю, але Чаргінца чытаў

120208 Rugajn knigi.mp3

У Мінску адкрылася ХІХ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Еўрарадыё прагулялася сярод стэндаў разам з ВІП-наведвальнікамі. Адчыняў выставу міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Ён прызнаўся, што часу на кнігі не хапае, таму чытае публіцыстыку і інтэрнэт. 


"Я шчаслівы чалавек. Я бачу ўсе кнігі, якія выдаюцца ў Беларусі. Таму магу і выбіраць. Але, на жаль, часу для таго, каб з добрай кніжкай пасядзець, не хапае. Чытаю публіцыстыку, газеты, часопісы, інтэрнэт. У рэдкі адпачынак, калі знаходзіцца кніжка, чытаю класіку. Мне падабаецца Булгакаў, з беларускага Колас і Купала, я на гэтай класіцы вырас. Падабаецца Багдановіч і яго паэзія. Не магу сказаць, што нашых сучасных пісьменнікаў добра ведаю. Але чытаў Чаргінца, і ён мне падабаецца, Мікалай Іванавіч".


Сам Мікалай Чаргінец быў на выставе, але хутка знік і з астатнімі сярод стэндаў не прагульваўся.


Таксама Еўрарадыё заўважыла перакладчыка Лявона Баршчэўскага ля стэнда выдаўца Змітра Коласа.


"Заўсёды набываю нешта на выставах, хаця дома месца пад кнігі даўно няма. Падабаюцца перакладныя кніжкі, таму стаю каля стэнда Змітра Коласа. Прыватныя выдаўцы выдаюць значна больш і значна больш якасную літаратуру, калі гаварыць пра літаратуру на беларускай мове. Іх звычайна адсоўваюць на маргінэз. Самыя лепшыя месцы наперадзе даюць бясплатна дзяржаўным выдавецтвам, ну і розным такім вялікім кніжным дзяржавам, як Венесуэла. Але дзякуй богу, што яны маюць хоць куточак. І хто шукае, той нешта знойдзе. Гэты год прыватныя выдавецтвы лепш прадстаўленыя, чым мінулыя гады".


Самыя лепшыя месцы наперадзе даюць бясплатна дзяржаўным выдавецтвам, ну і розным такім вялікім кніжным дзяржавам, як Венесуэла.


Былы міністр адукацыі, цяпер першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, Аляксандр Радзькоў узгадвае стэнд Венесуэлы. Што праўда на рускай мове яны прэзентавалі толькі адну кнігу. Іншыя кнігі на стэндзе могуць прывабліваць толькі аматараў іспанскай.


"Мне запомніўся стэнд Венесуэлы. Гэта цікавыя выданні, цікавая культура. Вельмі прыемна, што яны тут прысутнічаюць. І яны прэзентавалі кнігу пра Венесуэлу кембрыйскага перыяду. Прырода, наваколле - вось гэта мяне зацікавіла. Я пагартаю гэты альбом. Я там быў, і мы супрацоўнічалі з імі, таму паглядзець будзе цікава. Яшчэ мяне зацікавіла выданне пра Багдановіча, энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў".


Госці нясуць з сабой па некалькі пакункаў з кнігамі, якія прэзентавалі на розных стэндах, праўда да самага канца выставы, дзе знаходзяцца куткі прыватных выдавецтваў, яны не дайшлі. Сакратару ЦВК Мікалаю Лазавіку запомнілася прэзентацыя аўтара шматлікіх апавяданняў для дзяцей Уладзіміра Ліпскага.


"Спадабалася прэзентацыя Ўладзіміра Ліпскага, яго кнігі "Мужык". Пра нашага такога аграрыя з вялікай літары - Скакуна. Прыклад таго, як сёння літаратура прапагандуе найлепшых людзей Беларусі. Нельга не выдзеліць і стэнд Венесуэлы".


Наведвальнікі выставы больш набываюць беларускіх класікаў, дзіцячую літаратуру, а таксама папяровыя вырабы і цукеркі.


"Карыстаецца попытам класіка беларускай літаратуры. Бо гэты год юбілейны Янкі Купалы і Якуба Коласа. Таксама Максім Танк папулярны. Супольна са шведамі мы выдалі кніжку на беларускай мове "Мама Му чытае". У нас будзе прэзентацыя на выставе. Кніга добра ілюстраваная, і вельмі добра яе набываюць", - гаворыць Маргарыта Насценка, намесніца дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура".


Прыватныя выдавецтвы таксама знайшлі сабе куток на выставе, праўда далёка не бясплатна і не такі вялікі, як Венесуэла. Але цікаўнасць да іх вялікая. Праўда, многія падыходзяць пагартаць і паглядзець. Набываюць менш, бо кошты на кнігі сёлета значна выраслі.


"Набываюць нашыя навінкі - чатырохтомнік Чэслава Мілаша, вельмі добра бяруць "Міларусь" Лявона Вольскага, ну іншых нашых намінантаў прэміі Гедройца", - распавядаюць на выязной кнігарне "Логвінаў".


Ля стэнда выдавецтва "Рэгістр" Еўрарадыё наткнулася на натоўп людзей. Дзяўчына ў абліччы Барбары Радзівіл прэзентуе аднайменную кнігу Юрыя Татарынава. "Якая ж яна чорная Панна, - жаруте аўтар. Яна ж бландынка была".



На гэтым стэндзе пакуль больш набываюць старыя выданні, - распавядае намесніца дырэктара выдавецтва "Рэгістр" Фаціма Баранава.


"Заўтра будзе прэзентацыя новай кнігі Наталлі Батраковай. Гэту кнігу даўно чакалі. Сёлета мы прадстаўляем кнігі Сяргея Пясецкага  "К чести организации" і "Человек, превращённый в волка". Яны даўно ўжо выдадзены на усіх мовах свету. Але з-за таго, пра што ён піша - рэчы забароненыя ў свой час, у нас не выдаваліся. Мы рызыкнулі перакласці гэтыя кнігі і сёлета выдалі".

Дарэчы Еўрарадыё разыграла кнігі гэтых двух выдавецтваў, пераможцаў можна паглядзець тут!


На выставе было прадстаўлена шмат краін, абсалютна розных - Іран, Венесуэла, ЗША, Францыя, Германія, шмат выдаўцоў з Расіі. Агулам каля 20 краін.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі