Беларусаў карупцыя хвалюе ў 4 разы радзей за еўрапейцаў

Амаль адначасова беларускія ўладныя органы і выканаўчая ўлада Еўрасаюза выступілі з новымі прававымі ініцыятывамі па змаганні з карупцыяй.


Так, 3 чэрвеня Міністэрства юстыцыі паведаміла аб стварэнні праекта новага антыкарупцыйнага загада. Мяркуецца, што пры дзяржаўных органах кіравання, прадпрыемствах, а таксама мясцовых органах улады будуць створаныя спецыяльныя антыкарупцыйныя камісіі, на чале з старшынём і сакратаром пры ім.


А 6 чэрвеня Еўракамісія прадставіла шэраг прапановаў змагання з карупцыяй на ўзроўні ўсяго Еўрасаюза.


"Відавочна, што карупцыя застаецца сур'ёзнай праблемай у нашых грамадствах. Чатыры з пяці грамадзян ЕС называюць яе самай вялікай праблемай у сваёй краіне. Карупцыя – сур'ёзны палітычны, сацыяльны і эканамічны выклік нашым грамадствам", - пачала прэзентацыю новай ініцыятывы еўракамісар па ўнутраных справах Сесілія Мальстром.

Чатыры з пяці грамадзян ЕС называюць карупцыю самай вялікай праблемай у сваёй краіне
Для беларусаў праблема карупцыі не ў прыярытэце. Паводле інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта, занепакоенне яна выклікае толькі ў 21,4% жыхароў.

Эканамічная шкода ад карупцыі на ўсёй прасторы ЕС унушальная – больш за 120 мільярдаў еўра, а гэта болей за бюджэт ЕС, сотая доля ўсяго валавага прадукта Еўрасаюза, паведаміла еўракамісар.

Ацэнкі шкоды ад карупцыі для эканомікі Беларусі ў цэлым няма. Але свежая інфармацыя ад Генпракуратуры сведчыць, што страты ўсё больш. Так, за першыя чатыры месяцы 2011 г. шкода ад карупцыйных чыноўнікаў склала 17.9 млрд рублёў, што на 70% больш за ўзровень аналагічнага перыяду 2010 года.

Цяпер кожныя два гады, пачынаючы з 2013 года, Еўракамісія будзе рыхтаваць спецыяльны антыкарупцыйны даклад. Еўрачыноўнікі таксама плануюць лепей супрацоўнічаць з іншымі антыкарупцыйнымі арганізацыямі і ініцыятывамі, напрыклад, з групай краін Савета Еўропы па барацьбе з карупцыяй (GRECO).


Праз спецыяльны маніторынг эксперты будуць вызначаць хібы ў барацьбе з карупцыяй у кожнай з 27 краін ЕС. Разам з тым, ствараць адмысловы рэйтынг краін не збіраюцца, удакладніла Сесілія Мальстром.


Пагатоў, падобны рэйтынг успрыцяцця карупцыі даўно складае спецыяльная міжнародная арганізацыя Transparency International. І Беларусь у ім дзеліць 127-е месца з Сірыяй, Ліванам, Эквадорам, Нікарагўа, Угандай і Ўсходнім Ціморам.


"Празрыстасць – галоўны вораг карупцыі. І нават хаця Еўропа болей адкрытая і празрыстая за многія іншыя краіны і рэгіёну свету, ніводнай з краін ЕС цалкам ад карупцыі не вольная", - адзначыла еўракамісар.


Сапраўды. Але самая карупцыйная краіна ЕС паводле гэтага рэйтынга Грэцыя глядзіцца куды лепей за Беларусь, знаходзячыся на 78-ым месцы. Увогуле, на еўрапейскім кантыненце эксперты  Transparency International горш за Беларусь ацэньваюць толькі Расію і Ўкраіну.


А самыя вольныя ад карупцыі еўрапейскія краіны – паўночныя: 1-ае месца ў свеце разам з Сінгапурам і Новай Зеландыяй дзеліць Данія, за імі ідуць Швецыя і Фінляндыя.


Індэкс успрыняцця карупцыі-2010

 

Краіна

Месца

Рэйтынг (10 – найлепшы паказчык, 0 - найгоршы)

Данія

1

9,3

Швецыя

4

9,2

Нямеччына

15

7,9

Польшча

41

5,3

Літва

46

5

Латвія

59

4,3

Беларусь

127

2,5

Украіна

134

2,4

Расія

154

2,1

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі