Беларусы заплацілі 300 мільёнаў долараў аўтамабільных пошлін

111011 Nasta Avto.mp3

Ажыятаж на аўтарынку прынёс не толькі праблемы з валютай, але і немалы прыбытак таксама. За першае паўгоддзе аўтабізнес прынёс у бюджэт больш за 300 мільёнаў долараў!


“За першае паўгоддзе збор плацяжоў па дадзенай катэгорыі тавараў перавысіў гадавую норму. Канкрэтна па ўвозе аўтамабіляў — заплацілі мытных пошлін на суму больш за 300 мільёнаў долараў”, — кажа намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Рэспублікі Беларусь Сяргей Палудзень.


Нагадаем, што за першыя шэсць месяцаў 2011 года беларусы ўвезлі на тэрыторыю краіны 258 тысяч аўтамабіляў. Гэта ў два разы больш, чым летась.


“Для параўнання: 180 тысяч аўтамабіляў раней увозілі за ўвесь год”, — кажа Сяргей Палудзень.


Усе памятаюць, што Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў у крызісе народ, які “вывез з краіны валюты на 3 мільярды долараў”. “Гэтых трох мільярдаў нам і не хапіла”, — казаў кіраўнік дзяржавы.


Але Еўрарадыё звярнула ўвагу, што калі ў краіну ўвезлі ў два разы больш аўтамабіляў, то ў два разы больш заплацілі і пошлін!


8,4 тысяч долараў — сярэдняя цана ўвезенага аўтамабіля. Растаможка аднаго аўто складае прыблізна 10% — гэта каля 800 еўра.


Цікава, што грошы, якія беларусы вывезлі з краіны, былі з уласных кішэняў. А пошліны, якія плацілі за растаможку, пайшлі акурат у бюджэт.


Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што ў кожным разе вываз трох мільярдаў долараў з Беларусі ніякім чынам крызіс не выклікаў.


Леанід Злотнікаў: “Калі мы глядзім на прычыны валютнага крызісу, то нас цікавіць прыток і адток валюты, у якой форме — няважна. Або гэта трапіць у бюджэт, або ляжыць у кішэнях насельніцтва… За апошнія 1,5 года краіна дадаткова пазычыла 11 мільярдаў долараў. Гэта нашмат перакрыла адток валюты на пакупку аўтамабіляў. То бок колькі мы згубілі на аўтамабілях — гэта дробязь у параўнанні з тым, колькі паступіла валюты з-за росту знешняй пазыкі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі