Белстат: 67% беларусаў атрымліваюць менш за сярэдні заробак
Ці сапраўды “сярэдні заробак” – сярэдні? Еўрарадыё разабралася ў хітрыках беларускай статыстыкі.
Сярэдні заробак у краіне сёння складае 390 долараў. Дзе тыя беларусы, якія атрымоўваюць сярэдні заробак?
“Ваш заробак большы за сярэдні ці меншы?” – Еўрарадыё задала пытанне людзям на вуліцы.
— Нашмат меншы — можа, у тры разы.
— Калі браць сукупны, бо я працую на дзвюх працах, то большы, а калі толькі дзяржаўную працу, то вельмі далёка да гэтага сярэдняга ўзроўню.
Рост сярэдняга заробку зусім не азначае, што кожны асобна ўзяты работнік стаў багацейшы, таму што Белстат разлічвае сярэдняе арыфметычнае, - тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы:
“Так атрымоўваецца, таму што размеркаванне прыбыткаў па колькасці насельніцтва несіметрычнае. То бок, вельмі малая колькасць людзей атрымлівае вельмі шмат, і наадварот — шмат людзей атрымліваюць маленькі заробак. У выніку выходзіць, што сярэдні заробак атрымоўвае адносна меншая колькасць насельніцтва. Толькі каля 30% насельніцтва атрымоўваюць больш за гэтую суму”.
Паводле дадзеных Белстату, у лютым 2012 года заробак ніжэйшы за сярэдні атрымлівалі мінімум 67% беларусаў!
Белстат: “Да мільёна – 0,1%, ад мільёна да 2-х – 20,8%, ад 2-х да 3-х мільёнаў – 46,2%, ад трох да 4-х мільёнаў – 19,1%, ад 4-х да 5-ці – 8,1%. І больш за 5 мільёнаў – 5,7%”.
Трэба лічыць не сярэдні арыфметычны, а сярэдні медыяльны заробак, кажа эканаміст.
Сяргей Чалы: “Медыяна — гэта калі ўзяць усё насельніцтва, якое атрымлівае грошы, і падлічыць роўна палову: палова будзе атрымоўваць менш за гэтую суму, а палова — больш. Гэта, насамрэч, і ёсць сярэдні заробак. А сярэдні арыфметычны, што лічыць Белстат, пайшоў яшчэ з савецкіх часоў, калі ў нас практычна не было размежавання насельніцтва паводле прыбыткаў. Тады Цяпер гэта “сярэдняя” — чыста арыфметычная сума, якая вялікага фізічнага сэнсу не нясе”.
Падобная карціна і з рэальнымі заробкамі беларусаў. Яны ў нас увесь час растуць, хаця і падаюць… Ці не кожны пачатак месяца Белстат адзначае чарговым паведамленнем пра рост прыбыткаў насельніцтва. І гэта нават з улікам інфляцыі!
Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа, што памылак у падліках Белстату няма. Але падлічыць можна па-рознаму. Рэч у тым, што Белстат параўноўвае заробкі за перыяд.
Леанід Злотнікаў: “Але людзі жывуць не з гэтым параўнаннем… Для іх важная дынаміка. Людзі думаюць так: было шмат, а цяпер менш, і я менш магу купіць... Яны месяц да месяца лічаць, а не за перыяды”.
У Белстаце ж кажуць, што лічаць двума спосабамі. І запэўніваюць, што кожны з паказчыкаў “мае права на жыццё”.