The Blackmail “New Ritual”
Мінскі гурт The Blackmail згуляў па ўсіх правілах сучаснага пост-панка і выпусціў вельмі прыстойны ўзважаны альбом.
На дыску пад назвай “New Ritual”, насамрэч, наўрад ці ёсць нешта нечакана новае. The Blackmail нібыта зрабілі дайджэст усяго лепшага ў еўрапейскім інды-сусвеце і не сталі пускацца на рызыкоўныя эксперыменты. У выніку, мы можам паслухаць прыгожую якасную працу, якая не выклікае пытанняў і здзіўлення, бо сёння ўжо нікога не здзіўляе, што беларускія хлопчыкі ці дзяўчынкі могуць граць добры пост-панк.
Карацей, The Blackmail запісалі альбом які, калі і захочацца пакрытыкаваць, то па вялікім рахунку, асабліва і не знойдзеш за што. Магчыма, нехта адчуе дэжа-вю, паслухаўшы New Ritual, але не раз заўважана, што да сённяшняга дня свет, і музычны ў тым ліку, заплёўся ў такую рызому, што ужо няма сэнсу высвятляць, адкуль растуць усе гэтыя ногі. Нехта можа звярнуць крытычную заўвагу на адрас вакаліста і яго англійскага вымаўлення. І, па нашых назіраннях, такіх заўваг ужо нямала. Робіцца вельмі весела, калі ўявіць, што большасць са змагароў за арфаэпію наўрад ці самі кожны дзень размаўляюць па-руску без акцэнту. А калі шчыра, то, напэўна, беларуская і англійская проста не сябруюць паміж сабой, бо напрыклад, з французскім акцэнтам ці шведскім яна выглядае вельмі цікава і мілагучна.
Нібыта, у хлопцаў усё атрымалася роўна і проста цудоўна, але пасля знаёмства з альбомам усё ж застаецца нейкая незадаволенасць. Калі браць пад увагу, што гэта дэбютны альбом, музыкам не хапае дзёрзкасці ў ідэях. Іншая справа, калі проста добрую і якасную, але нудную пласцінку выдаюць Arktic Monkeys. Яны зарабілі сабе на багемны амерыканскі лад жыцця, і больш іх нішто не турбуе. Ім усё адно, ці здзівіцца нехта, пачуўшы іх. На гэтым фоне не бачна прычын, якія перашкаджалі маладым мінскім музыкам перакрочваць любыя межы.
Але вернемся да “New Ritual”. З яго дапамогай The Blackmail падводзяць вынік трохгадоваму існаванню свайго гурта і разлічваюць набыць новых прыхільнікаў. Фронтмен The Blackmail Максім Кульша адзначыў, што “ўсе песні New Ritual выстраеныя ў пэўным парадку, які павінен дапамагчы слухачу акунуцца ў тую атмасферу, якую музыкі хацелі перадаць”. Яна складаецца з “адзіноты, адчування ранняй восені і прадчування доўгага падарожжа”. І сапраўды, “New Ritual” атрымаўся атмасферным альбомам. Сапраўды ёсць у ім нешта асенняе, крыху сумнае, але светлае. Суцэльнае гучанне – лёгкае і празрыстае. Аранжыроўкі – мінімалістычныя з простай і зразумелай рытм-секцыяй і дамінуючай меладычнай гітарай. Напэўна, паводле выяваў, якія пакідае ва ўяўленні альбом, яго гучанне варта назваць акварэльным.
Можна какнстатаваць, што дэбютны альбом The Blackmail “New Ritual” атрымаўся лёгкім па гуку і для ўспрымання. Пад яго можна танцаваць у клубе, выгульваць сабаку, стаяць у пробках і займацца сексам, можна сумаваць і глядзець у акно. Ён лезе ў любыя рамкі, нават у радыёфармат, таму, напэўна, з гэтым Новым Рытуалам мы яшчэ сустрэнемся не аднойчы.
New Ritual:
01
Not Even Once
02 Alone
03 Watching
You
04 05 Affair
06 Tired
07 Tonight
08 Norway
09 To The
Forest
10 Treasure
Тэкст чытаў Віталь Зыблюк.