Брэсцкі абласны суд пацвердзіў: назіральнік нецэнзурна лаяўся на выбарах

Суддзя Брэсцкага абласнога суда Наталля Сурма пакінула ў сіле прысуд Баранавіцкага суда наконт праваабаронцы Сяргея Гоўшы. Яму прысудзілі паўтара мільёна рублёў штрафу за тое, што нібыта лаяўся ў акруговай камісіі падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў. Гоўша з прысудам не згодны:

Сяргей Гоўша: "Гэта не суд! Сёння ў судзе наўпрост гэта ім сказаў. Суддзя, адхіліўшы ў бок сумленне, прыняла такое рашэнне. Я яго, канешне, буду абскарджваць. Але ў нас няма ні баранавіцкага незалежнага суда, ні абласных судоў, ні Вярхоўнага суда. Згодзен з былым сябрам Канстытуцыйнага суда Міхаілам Пастуховым: нам трэба вяртацца да Канстытуцыі 1994 года. Усю сістэму трэба мяняць".

Гоўша падаваў і міліцыянтам, і суду першай інстанцыі дыктафонны запіс размовы са старшынёй камісіі Латышавай, якая напісала заяву ў міліцыю. Ён прывёз з Мінска тры высновы экспертызы пра сапраўднасць запісу, на якім няма ніякай лаянкі.

Дарэчы, абласны суд спачатку адмовіўся разглядаць касацыю, але мусіў зрабіць гэта паводле рашэння Вярхоўнага суда. Адзінае, чаго пакуль што дабіўся баранавіцкі праваабаронца, гэта беларускамоўнага вядзення абодвух паседжанняў абласнога суда.

Фота — spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі