Чавусаў: дэпутатам прапанавалі законапраект, напісаны "пад" “Белую Русь”

Магчымасць дазволіць грамадскім аб’яднанням пераўтварацца ў палітычныя партыі разглядаюць 30 студзеня сябры пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў. Менавіта такая норма ўтрымліваецца ў прапанаваным дэпутатам праекце закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў”.

На думку палітолага Юрыя Чавусава, пісалася гэтая норма адмыслова “пад” праўладнае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. Але сёння яе ўвядзенне губляе сэнс.

Юрый Чавусаў: “Калі ў адпаведнасці з прапанаванымі Цэнтрвыбаркамам зменамі грамадскім аб’яднанням будзе нададзенае права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, то прапанаваная ў законапраекце змена ў закон пра палітычныя партыі норма пра тое, што грамадскім аб’яднанням можна будзе пераўтварацца ў партыю, губляе сэнс. Бо грамадскія аб’яднанні і так змогуць выконваць тыя функцыі, якія датычаць выяўлення палітычных перакананняў грамадзян”.

А загэгістраваць партыю “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” яе аргкамітэту прапанаваныя законапраектам змены не дапамогуць. Дый сэнсу, лічыць эксперт, у гэтым няма, калі будуць прынятыя прапанованыя змены ў выбарчае заканадаўства.

Юрый Чавусаў: “Палітыка ў Беларусі не партыйная, палітычная сістэма — не партыйная. І пакуль не зменіцца выбарчае заканадаўства, пакуль партыі не будуць адыгрываць большую ролю ў палітычнай сістэме, любыя змены тэхнічнага характару не будуць мець аніякага сур’ёзнага значэння. Распрацоўшчыкі — Мінюст, Цэнтр законатворчай дзейнасці — парламентары, якія з гэтым праектам працуюць, робяць пустую працу. Бо сутнасна значэнне партый у палітычнай сістэме такім чынам не змяняецца”.

Чавусаў нагадвае, што з 2000 года ў Беларусі не было зарэгістравана ніводнай партыі. Нягледзячы на неаднаразовыя спробы некаторых палітыкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі