Эксперт: Увосень кошты на машыны могуць знізіцца на 30%
Гандляры машынамі скардзяцца, што “праца стаіць калом”, і падумваюць перайсці на продаж садавіны і гародніны.
Аўтарынак "Ждановічы" гэтымі днямі напалову пусты. Нават не напалову — а на дзве траціны. А яшчэ месяц таму за месцы для выстаўленых да продажу машын ледзь не біліся, кажуць гандляры.
"Прыходзяць цікавяцца, але не бяруць! Па сённяшні дзень нічога не прададзена. Знаходзімся ў пазіцыі чакання, праца стаіць калом", — перажывае гандляр аўтамабілямі.
Зрэдку ён перакідваецца словамі па-азербайджанску са сваімі суайчыннікамі.
Тыя пацвярджаюць, што сітуацыя кепская.
"Вось Audi А6 2001 года зараз каштуе 13 тысяч. А яе куплялі па 12500, па 12000. Пачакаем яшчэ месяц, тады па 8-9 тысяч прадамо, па 5 тысяч страцім!" — кажа Валтыр.
Ягоны калега: "У тым месяцы прадаў тры, а ў гэтым — ніводнай! Калі вось так гандаль не пойдзе, то пяройдзем на іншае. Будзем гандляваць садавінай і гароднінай. Агуркі-памідоры, кавуны прадаваць, пакуль сезон. Тады — капусту, бульбу, каб выжыць! Тут жа ў кожнага па 4-5 дзяцей, сям'ю трэба ўтрымліваць!"
Выпускаючы рэдактар газеты “Аўтабізнэс” Сяргей Міхайлаў тлумачыць, што цяперашнія цэны на машыны — завышаныя. Бо пасля дэвальвацыі пакупніцкая здольнасць беларусаў паменшылася ўдвая, а цэны засталіся ў доларавым эквіваленце.
Сяргей Міхайлаў: "Некалькі месяцаў нас чакае поўны застой пры высокіх цэнах на рынку. За выключэннем тых, хто нейкім чынам пацягне машыну ў Расію. А пасля ў кастрычніку пачнецца рух, традыцыйнае ажыўленне рынка".
Згодна з яго словамі, пакідаць машыну на зіму нікому не хочацца, таму прадаўцы будуць саступаць. На колькі? Роўна на столькі, на колькі неапраўдана завышаныя кошты на аўтамабілі, кажа Сяргей Міхайлаў. А гэта працэнтаў 30.
Некаторыя гандляры на рынку ўжо трохі скідваюць цану.
Як гандлярам выйсці з такой сітуацыі? Валтыр кажа, што Беларусі трэба... уступаць у Еўрасаюз!
Валтыр: "Трэба злучацца з Еўрасаюзам! Хто там не быў, той не ведае. А хто быў — не хоча вяртацца. Бо там ёсць праца, свабода слова і гэтак далей".