Ермакова: Манеты, магчыма, і будуць, але не пры мне
Пакуль грошы ў кашальку змяшчаюцца, патрэбы ў дэнамінацыі няма, — адказвае Надзея Ермакова на пытанне Еўрарадыё аб скарачэнні нулей на купюрах.
“Не выключана, што некалі дэнамінацыя будзе, калі ў нас моцна вырастуць прыбыткі, і ў нашых кашальках гэтыя купюры ўжо не будуць змяшчацца. Сёння пакуль і ў балансе, і ў калькулятарах, і ў кашальках усе нулі яшчэ памяшчаюцца”, — кажа старшыня Нацбанка Надзея Ермакова.
Мы пайшлі на вуліцы і спыталі ў людзей, ці мяшчаюцца грошы ў іх кашальках.
“Змяшчаюцца, грошай-то няма… таму ён не тоўсты”, — адказваюць наперабой хлопец з дзяўчынай каля філфаку БДУ. І дадаюць, што гэта не праблема: галоўнае — каб грошы былі, а дзе захоўваць, знойдзецца!
Беларусь перажывала дэнамінацыю ўжо два разы — у 1994 годзе (у 10 разоў) і ў 2000-м (у 1000 разоў). Эканамісты кажуць, што праводзіць яе трэба тады, калі Нацбанк упэўнены, што больш такой інфляцыі не будзе.
“Мы перажылі вельмі сур’ёзную інфляцыю і дэвальвацыю. Апошнія месяцы сітуацыя кардынальна палепшылася, але гэтай гісторыі недастаткова, каб зрабіць доўгатэрміновую выснову, што ўсё ў парадку. Трэба больш часу. І толькі запэўніўшыся, што рубель дастаткова стабільны, што цэны дастаткова стабільныя, мае сэнс "адразаць" нулі”, — кажа фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб.
Паводле слоў эканаміста варта пачакаць хаця б да канца года.
Старшыня Нацбанка згодная, што перш чым праводзіць дэнамінацыю, трэба стабілізаваць эканоміку.
Надзея Ермакова: “Пры той дэвальвацыі, якая ў нас была ў мінулым годзе, сёння пакуль пра дэнамінацыю казаць нельга. Трэба ўзнавіць цалкам эканоміку, грашова-крэдытную сістэму ўсю прывесці ў парадак, каб у нас і працэнтныя стаўкі былі нармальныя, хаця б ніжэй за 10%, тады можна будзе казаць пра дэнамінацыю!”.
Чуткі пра дэнамінацыю ў Беларусі з’яўляюцца рэгулярна. У канцы мінулага года была інфармацыя, што новыя беларускія грошы друкуюцца ў Літве — і нават чаканяцца манеты!
Малады хлопец, якога карэспандэнт Еўрарадыё спыніла на вуліцы Карла Маркса, кажа, што любіць выязджаць за мяжу і разлічвацца там манетамі. У гэтым ёсць нейкая рамантыка:
“Гэта аддае нейкай такой традыцыяй… Пасля нашых усіх папяровых, прыемна карыстацца… Штосьці такое незвычайнае, вельмі прыемна. Хацелася б, каб у нас былі металічныя грошы!”
Але Надзея Ермакова разбівае ўсю рамантыку: манеты можа і будуць, але “не пры ёй”…
Надзея Ермакова: “Уявіце, колькі гэта трэба металу. Трэба будзе купіць нанава лічыльныя машынкі, а купіць іх трэба будзе за валюту, таму што яны ў нас у краіне цяпер не вырабляюцца. Пасля трэба дадатковыя касіры, каб фарміраваць гэтыя мяшкі. Гэта проста дадатковыя выдаткі. Гэта нашмат даражэй, чым выпусціць папяровую купюру. Магчыма, калі я сыду, іншы старшыня будзе прыхільнікам”.
Найбуйная 200-тысячная купюра ў Беларусі каштуе 25 долараў. Еўрарадыё параўнала кошты самых буйных купюраў нашых суседзяў. 200 польскіх літаў каштуюць прыкладна 60 долараў. 500 украінскіх грыўняў — таксама каля 60 долараў. А вось 500 літаў — гэта амаль 200 долараў!
Колькі каштавала надрукаваць 200-тысячную купюру — камерцыйная таямніца. Старшыня Нацбанку прызнаецца толькі, што гэта не даражэй, чым надрукаваць 50 або 100 тысяч.