Федарэнкаў: Чытачам "Прессбола" беларускамоўны матэрыял спадабаўся
Самая папулярная спартыўная газета краіны змясціла вялікае інтэрв'ю з аўтарам "Трох чарапах". Чытачы патрабуюць працягу.
У спартыўнай газеце “Прессбол” упершыню быў надрукаваны артыкул на беларускай мове: інтэрв'ю з рок-музыкам Лявонам Вольскім, амаль на дзве паласы. З гэтай нагоды Еўрарадыё паразмаўляла з аўтарам публікацыі, шэфам аддзела хакею гэтага выдання Вячаславам Федарэнкавым.
Еўрарадыё: Чаму менавіта Лявон Вольскі? Чаму не Аляксандр Кулінковіч ці не Аляксандр Саладуха, а менавіта Вольскі?
110823 Fedarenkau site.mp3
Вячаслаў Федарэнкаў: Калі песні Аляксандра Саладухі будуць скандаваць фанаты, прычым спяваць тры куплеты, тады, мабыць, гэта будзе Аляксандр Саладуха... Я бываю на гульнях нашых зборных, што футбольнай, што хакейнай. Я чую, што нашы заўзятары спяваюць песню “Тры чарапахі”. А аўтар і выканаўца вядомы, таму шлях быў вельмі прамы да гэтага інтэрв'ю.
Еўрарадыё: Ці можна казаць, што гэтае інтэрв’ю "першая ластаўка", ці варта ў будучым чакаць беларускамоўных матэрыялаў на старонках газеты?
Вячаслаў Федарэнкаў: Магчыма, што працяг будзе, бо гэта спадабалася і чытачам, і нават маім калегам, яны сказалі мне “дзякуй” за гэты матэрыял. Толькі я не разумею, за што “дзякуй”, на мой погляд, усё натуральна — у беларускай газеце выйшла інтэрв'ю з зоркай беларускага року ў адпаведнай рубрыцы, у нас ёсць такая рубрыка "Непрофильный актив", дзе неабавязкова прысутнічаюць людзі спорту.
Еўрарадыё: Значыць, водгукі на публікацыю станоўчыя?
Вячаслаў Федарэнкаў: Першыя водгукі выключна станоўчыя — дзякуюць, кажуць, што цікава і патрабуюць працягу. Трэба, мабыць, і прыслухацца.