Фэст “Трэба”: г.к. “Тэатральны” і глыбокі андэграўнд
Ля Мінску адгрымеў незвычайны форум з удзелам The Toobes, Петли Пристрастия, The Fantastiques і не толькі...
У забытым Богам г.к. “Тэатральны”, што месціцца недалёка ад Мінску, адгрымела другая версія фэста “I need”. Аблуплены “тэатральны” будынак надзіва ўпісаўся ў эстэтыку фэста, які самі арганізатары ахрысцілі “беларускім Вудстокам”.
“Добрае месца! Вельмі добрае: недалёка ад Мінска ў памяшканні сапраўды тэатральным – якое пасуе такога кшталту тусоўкам, - дзеліцца ўражаннямі ад фэста знакаміты DJ.I.F.U. – І адчуваецца, што людзі згаладаліся па такога кшталту мерапрыемствах. Таму склалася ўражанне, што тут сабраліся ўсе нармальныя людзі горада Мінску, якія ведаюць слова “гітара” і не толькі. Той, хто сюды не паехаў, той лопух”.
The Fantastiques
Перад арганізатарамі стаяла некалькі задач. Першая - пазнаёміць прыхільнікаў хард-кору з дабстэпам і рок-н-ролам.
“Гэта альтэрнатыўная беларуская сцэна – і гэта нармальна: на адной сцэне – хард-кор, - працягвае DJ.I.F.U., які наведаў неверагодную колькасць фэстаў. - Розныя The Toobes, Fantastiques, Петля Пристрастия – гэта індзі-рок-сцэна, злёгку пераходзячая ў разрад мэйнстрыму – усё ідзе паралельна. Усё вельмі граматна арганізавана… Калі б яшчэ было хард-тэхна – якое мы б сабралі з задавальненнем, было б клёва. Яго нібыта крыху не хапае, а можа, нават і не трэба”.
Безліч маладзёнаў прыкацілі ў г.к. Тэатральны на роварах. Праўда, абяцанай паркоўкі для папулярнага віда транстпарту на фэсце не знайшлося
Другая задача – вывезці маладзёнаў з душнага гораду бліжэй да прыроды і разам дакрануцца да цудоўнага.
“Мы прыехалі сюды зняць стому, адпачыць ад вучобы, разняволіцца, сустрэцца з сябрамі… Музыка ўвогуле класная – можна выплеснуць усю агрэсію, станчыць вар’яцкі танец…”, - радуюцца жыццю хлопцы.
Фішкай фэста "I need" гэтым разам была сумесь стыляў. Дыджэйскія сэты перагукаліся з жорсткім хард-корам і разумным індзі-рокам ад моднай "Петли"
Праўда, задума арганізатараў з мяшанкай стыляў не ўсім прыйшлася да спадобы. Наведвальнікі мінулагодняга фэсту адзначылі моцную раз’яднанасць публікі: маўляў, раней на “Тубсаў” хадзілі хіпстары, а тут – персанажы з глыбокага андэграўнду. Але большасць публікі з надыходам ночы проста палюбіла і фэст, і “Тэатральны”, і хард-кор, і “Фантасціксаў”, і ўвесь свет.
“Сюды параілі прыехаць сябры. Абстаноўка даволі цікавая. Так, нам спадабалася, што гэта адбываецца недзе па-за Мінскам – шмат людзей, добрай музыкі, так што мы толькі за!” – перабіваюць адна другую сяброўкі.
А вось і "Петля". У памяшканні г.к. Тэатральны гэтым вечарам было прыкладна +50. Таму Чарапко-Самахвалаву давялося распрануцца да трусоў.
А на вольным паветры тым часам пакаленне за 30 спявала "Землю в люминаторе"
Пакаленне "зэ тубс" слэміла і адрывалася па паўнай праграме
У тэатральным памяшканні з лабірынтамі і заламі пры + 50 гучала музыка. І ёй ніхто не перашкаджаў. Ніхто не аглядаў сумкі на ўваходзе і не выкідваў бутэлькі з вадкасцю ў сметніцы. Не кажучы ўжо пра піва, кастры і адрыў. Лозунг фэста “Трэба” мае рацыю: “фестывалі, музыка, каханне, танцы прадухіляюць развіццё дэпрэсіі”.
Дарэчы, The Toobes выступілі на фэсце не толькі ў якасці музыкаў, але і арганізатараў