Генпракурор Рыгор Васілевіч раскрыў сакрэт полішынэля

Гэтую справу перададуць у суд праз месяц. Па словах Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча, 14 ліпеня абвінавачаныя пачалі вывучаць матэрыялы, і на гэта заканадаўствам адведзены месяц. Прыблізна праз такі час справа і мусіць апынуцца ў судзе.

Ці будзе судовы працэс адкрытым, вырашыць сам суд. Генпракурор агучыў і прозвішчы двух асноўных фігурантаў.

Рыгор Васілевіч: “Гэтыя прозвішчы “сакрэт полішынэля”. Канавалаў і Кавалёў, здаецца, 86-га года нараджэння. Адзін з іх прызываўся ў 2009 годзе на службу ва ўзброеныя сілы”.

Але адбіткі яго пальцаў не апынуліся ў базе дадзеных. Супраць адказнай за гэта службовай асобы заведзеная крымінальная справа, дадаў Генпракурор. Прозвішча нядбайнага службоўца не называецца.

Сярод іншых адметных тэмаў гэтай прэс-канферэнцыі — выпадкі “праслушкі” размоваў апазіцыйных палітыкаў. Праўда, Рыгор Васілевіч ухіліўся ад адказу, наколькі законна падчас выбарчай кампаніі і да яе праслухоўваліся тэлефонныя размовы кандыдатаў у прэзідэнты, прадстаўнікоў іх штабоў і партнёраў.

Рыгор Васілевіч: "Безумоўна, заканадаўства павінна выконвацца. А менавіта Закон аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Наколькі ён выконваўся, трэба вывучаць у кожным канкрэтным выпадку”.

Генпракурор дадаў, што праверка выпадку збіцця Ўладзіміра Някляева працягваецца Мінскай гарадской пракуратурай.

Фота: svaboda.org


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі