Ірына Халіп: Напішу кнігу пра ўсё, што адбылося ў апошнія месяцы

Адразу пасля абвяшчэння прысуду жонка Андрэя Саннікава Ірына Халіп падзялілася сваімі самымі тэрміновымі планамі.

Ірына Халіп: "Я вельмі ганаруся сваім мужам, лічу яго нацыянальным героем!.. Пасля заявы майго мужа пра тое, што пагражалі маім і данькіным жыццём, я зразумела, што была закладніцай. Яму казалі, што мы – у іх руках, у зачыненай кватэры, без сувязі, нікому нічога не можам сказаць. Увесь гэты час мы былі закладнікамі, і імі застаемся".

Вядомая журналістка патлумачыла, што значыць 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на два гады.

Ірына Халіп: "Гэта значыць, што праз два гады мяне будуць судзіць зноўку, з пракурорам і гэтак далей. І суд будзе вызначаць, ці стала я “на шлях выпраўлення”. Ці можна назваць законапаслухмяным грамадзянінам. Але ці змогуць у нашай краіне назваць законапаслухмяным грамадзянінам незалежнага журналіста?!"

Ірына Халіп таксама падзялілася сваімі самымі тэрміновымі планамі.

Ірына Халіп: "Перадусім – напісаць свайму мужу! Пяць месяцаў мы не мелі магчымасці ліставання, нас падзялілі як навечна. Прысуд мне вынеслі на сёння, каб я не змагла патрапіць на агучванне прысуду майму мужу і пабачыць яго. Па-другое, я змяню замкі ў кватэры, бо ключы ад яе хадзілі з рук у рукі як станіца ў грамадзянскую вайну! Далей, я выклічу ўсякія службы – хімчыстку, дэзінфекцыю і іншыя, бо тры з паловай месяцы па кватэры брындалі дзядзькі ў чырвона-зялёных штанах! А пасля – буду абскарджваць прысуд!"

Ірына Халіп кажа, што выбарчае кампанія Андрэя Саннікава працягваецца. І ўпэненая, што яму не давядзецца адседзець усе прысуджаныя 5 гадоў.

Вялікае інтэрв'ю з Ірынай у аўдыёфайле! 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі