Іван Кірчук: Я не лічу, што я нешта раблю, я тут толькі праваднік

Яшчэ год дзесяць таму адзіным стымулятарам для беларускіх альтэрнатыўных музыкаў была штогадовая "Рок-каранацыя". Але за апошнія гады гэтая ўзнагарода страціла аўтарытэт і цікавасць да сябе, як сярод слухачоў, так і сярод саміх музыкаў. Затое пачалі з'яўляцца новыя прэміі, якія з кожным разам усё больш і больш набіраюць моц.

Напэўна, адной з самых сур'ёзных зараз можна назваць Ultra-music Awards, ўрачыстая цырымонія якой днямі прайшла ў Re:Public. Сам факт таго, што ўзнагарода дарасла да самага вялікага канцэртнага клуба сталіцы ўжо шмат пра што кажа.

Хоць прэмія датычыцца больш рокавых калектываў, усё ж сапраўдным фурорам стаў выступ этна-трыа "Троіца", якія атрымалі рэдакцыйную ўзнагароду за "Ўнёсак у развіццё беларускай музыкі". Рэдка на канцэртах-салянках паміж песнямі гурта ў зале не чуваць размоваў. Наведвальнікі літаральна застылі перад сцэнай на ўвесь выступ "Троіцы", а напрыканцы, яшчэ і выклікалі іх на біс.

"Калі публіка не размаўляе, то яны чуюць галасы продкаў, - каментуе рэакцыю наведвальнікаў лідар гурта Іван Кірчук. - Песні старадаўнія! Кажуць: "паганства, паганства", а яны і сёння гучаць, як моцныя рокавыя кампазіцыі. Сама па сабе песня, мелодыя такая. Таму яна і ўтрымлівае, яе старадаўні пласт, а не я. Я не лічу, што я нешта такое раблю. Я тут толькі як праваднік".

Шкада, што аншлагу на Ultra-music Awards не назіралася, па інфармацыі ад арганізатараў, было прададзена толькі каля сотні квіткоў. Але чалавек трыста прайшло па запрашальніках, таму можна сказаць, што недахопу ў наведвальніках не адчувалася.

Галасаванне за лепшых вялося сярод наведвальнікаў парталу ultra-musіc без удзелу журы, прычым, галасаваць можна было кожны дзень, таму вынікі часам былі цалкам нечаканымі.

"Я адразу не чакаў, што мы пераможам, асабліва, калі ўбачыў у галасаванні дзве песні "Ляпісаў", --  кажа басіст гурта "Не прислоняться the band", песня "Осторожно" якога была названай "Лепшай беларускай песняй года". - Шчыра кажучы, я тэрарызаваў дзяўчыну, каб яна падключала сваіх сяброў. Таму агулам атрымліваецца, што мы не шмат сяброў падключылі, але падключылі тых сяброў, якія зладзілі сапраўдны "махавік" гэтага галасавання".

Але не толькі наведвальнікі парталу вызначалі лепшых. Свае ўласныя намінацыі, якія часам пераклікаліся і з чытацкімі, уручала і рэдакцыя ultra-musc. Прычым, як высветлілася, для некаторых музыкаў менавіта гэтыя ўзнагароды і маюць сапраўдную вагу.

"Інтэрнэт-галасаванне на ultra-musіc гэта вельмі несур'ёзна, - выказваецца лідар гурта Monkey Bite, які рэдакцыя прызнала "Дэбютам году". - Мы двойчы ўдзельнічалі ў песні месяцу і, калі ты тэлефануеш сябрам, каб яны зайшлі на старонку, то бачыш, што галасы ідуць, а інакш – не. Вельмі няшчыра! І ўвогуле, мне падаецца, што першае месца займаюць гурты, якія граюць аднолькавую музыку. Не ведаю чаму так, але..."

У прынцыпе, такога кшталту меркаванняў выказвалася нямала, але ў той жа момант, ніхто з музыкаў, натуральна, не крыўдзіўся. Паводле меркаванняў чытачоў парталу, "Лепшым беларускім альбомам" былі названыя "Весёлые картинки" гурта "Ляпис Трубецкой", "Лепшым замежным альбомам" - "I'm With You"  Red Hot Chili Peppers, "Замежнай песняй" - "Rolling in the Deep" спявачкі Adele, "Лепшым беларускім кліпам" прызналі відэа на песню "See You in Vegas" сёлятніх прадстаўнікоў Беларусі на Еўрабачанні Litesound, ну а канцэртам года стаў выступ амерыканцаў 30 Seconds to Mars.

Цікава, што ўсе гэтыя статуэткі арганізатарам давядзецца перадаваць музыкам па пошце, ці праз кагосьці, бо самі яны наведаць цырымонію па розных прычынах не здолелі. А вось за рэдакцыйнымі ўзнагародамі прыйшлі ўсе пераможцы, іх жа выступы і складалі канцэртную частку Ultra-music Awards.

"Спроба правесці ўручэнне ўзнагародаў на вялікай сцэне, з прыцягненнем музыкаў, можа зрабіць нармальную канкурэнцыю і паказаць, што гэта ўсё ж мае сэнс, - сваімі ўражаннямі ад Ultra-music Awards дзеліцца Аляксандр Памідораў, лепшы рок-выканаўца па версіі рэдакцыі парталу. - Бо ўсе астатнія незалежныя прэміі ды намінацыі ўручаюцца ў выглядзе прэс-канферэнцый ці прэзентацый. А таму да іх і сур'ёзна ставіцца не выпадае. Мне было вельмі прыемна, што нас запрасілі выступаць, але тое, што нам яшчэ нешта будуць уручаць я не ведаў. Таму гэта вельмі прыемна".

Выступ Pomidor/OFF да ўсяго яшчэ стаў прэзентацыяй альбома "Патас/Попс/Прапаганда", які быў вельмі добра прыняты, як публікай, так і крытыкамі. Праўда, Аляксандр прызнаўся, што з-за нечаканага ўручэння ўзнагароды, ён не да канца адладзіў гітару, але гэтага, падавалася, ніхто і не заўважыў.

Выступ жа хэдлайнераў цырымоніі "Петли пристрастия" прайшоў, як і заўсёды пад харавыя спевы залі ды скокі пад сцэнай. Карацей, настрой і паводзіны публікі змяняліся ўсю цырымонію у залежнасці ад тых, хто на сцэне. Хіба гэта і варта лічыць поспехам, а аншлаг будзе наступным разам, калі Ultra-music Awards пройдзе з замежным хэдлайнерам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі