Івашчанка: "Перамен!" Цоя я пачаў перакладаць яшчэ да яе забароны
Паэт выклаў тэкст у ЖЖ напярэдадні чарговай акцыі, арганізаванай праз сацыяльныя сеткі.
110920 Iva64anka_site.mp3
Івашчанка: Я пачаў перакладаць значна раней. У галаве яно трымалася яшчэ летам. У мяне ёсць добры сябра, калі яму было 30 гадоў, мы гэтую песню ўжо спявалі па-беларуску. Неяк выпадкова адгарнуўся стары чарнавік, гляджу, што там гэты тэкст быў. Я яго ў ЖЖ закінуў менавіта як чарнавы, бо там хібаў яшчэ шмат. Але тое, што я яго ўчора выклаў у ЖЖ, яно неяк сугучна з бабіным летам і з усімі нашымі падзеямі бліжэйшымі.
Еўрарадыё: Вы мяркуеце, што “Перамен!” заспяваюць па-беларуску? Расійская лірыка перакладаецца, але ў людзей узнікае пытанне, а навошта, калі фактычна кожны беларус валодае рускай мовай? Што вы на гэта можаце адказаць?
Івашчанка: З аднаго боку, гэта так. А з іншага, чаму б часам у перакладзе не сказаць больш, чым у арыгінале? Я высокіх мэтаў не стаўлю, каб усе пачалі па-беларуску гэтую песню спяваць. Ёсць некаторыя тэксты, якія хочацца перакласці чамусьці. Тут няма нейкай канкрэтнай задачы.
Еўрарадыё: Гэта некантралюемы працэс творчасці, які проста адбываецца.
Івашчанка: Так, менавіта. Гэта такі расслабон для паэта.
Еўрарадыё: Але, я думаю, што нехта б захацеў спець гэтую песню па-беларуску. Каму б вы з беларускіх спевакоў яе аддалі?
Івашчанка: Ой, не ведаю. Гэта, калі па-праўдзе рабіць, гэта вельмі адказна. Напэўна, Вольскі спеў бы добра.
Еўрарадыё: У вас ужо з’явіўся канкурэнт — Сяргей Балахонаў, які ў мінулым месяцы выклаў у ЖЖ пераклад гэтай жа песні.
Івашчанка: Калі ён пачаў улетку і скончыў, то я быў першы. Але ж галоўнае, не хто першы, а як. Пры ўсёй павазе, мне дык тэкст Сяргея для сур’ёзнага выканання абсалютна не пасуе. Але я не кажу, што мой тэкст дасканалы, але там гэта, хутчэй, гульня, я ўсе ж больш сур’ёзна паспрабаваў.
Перамен! (пераклад Анатоля Івашчанкі)
Заміж сьвятла — выцьвіласьць шкла,
замест агню — дым.
У сетцы календара выкрасьліць дзень.
Чорнае сонца згарае датла,
дзень дагарае зь ім.
На расплаўлены горад падае цень.
Прыпеў:
Перамен! — прагнуць сэрцы здаўна.
Перамен! — просяць вочы сьвятла.
Ў нашым рогаце, ў нашых сьлязах і ў пульсацыі вен…
Перамен! Чакай перамен.
Электрычнасьць і ўночы працягвае дзень,
і з запалкамі зноў заняпад,
але ў кухні сіняй каронай гарыць газ.
Цыгарэты ў руцэ, чай на стале —
дужа просты расклад.
І больш нічога ня трэба — ўсё знаходзіцца ў нас.
Прыпеў.
Зоркім вокам ніхто не пахваліцца з нас
і умелымі рухамі рук.
Нам ня трэба таго, каб адно аднаго паважаць.
Цыгарэты ў руцэ, чай на стале.
Кола замкнулася тут.
І вось нам становіцца страшна нешта зьмяняць.
Прыпеў:
Перамен! — прагнуць сэрцы здаўна.
Перамен! — просяць вочы сьвятла.
Ў нашым рогаце, ў нашых сьлязах і ў пульсацыі вен
Перамен! Чакай перамен.
Пе-ра-мен! Прага да перамен.
Віктар Цой
(Захаваны аўтарскі правапіс)
Фота — svpressa.ru