Качыянчыч: ЕС не будзе рабіць з прыезду амбасадараў таямніцы

Нагадаем, сёння ўрадавая "Российская газета" напісала, што амбасадары краін ЕС вернуцца ў Беларусь усе разам, але цішком, без афіцыйных заяваў.

Мая Качыянчыч: "Трэба, каб амбасадары вярнуліся і пачалі працаваць. І мы не будзем рабіць з гэтага таямніцу. Калі яны вярнуцца, усе будуць ведаць аб тым, што яны вярнуліся. Нашая пазіцыя па гэтым пытанні вельмі празрыстая".

Аднак адназначна адказаць, ці адпавядаюць праўдзе звесткі, якія з'явіліся ў расійскім выданні наконт таго, што амбасадры вярнуцца ў Мінск цягам 10 дзён, а таксама ў брусэльскім выданні EUobserver, якое адзначала, што адным з першых у Беларусь вернецца польскі амбасадар і прадстаўнік ЕС, Мая Качыянчыч адмовілася. Яна падкрэсліла, што амбасадары з'ехалі толькі для кансультацый, а пытанне іх вяртання ў Мінск могуць вырашыць канчаткова у панядзелак у Люксембургу.

Мая Качыянчыч: "Ідэя ў тым, што яны вярнуцца тады, калі на гэта прыйдзе час. Канкрэтнай даты я не магу назваць. Краіны-сябры ЕС ўсё яшчэ вядуць кансультацыі па гэтым пытанні. Я думаю, што міністры замежных справаў, калі сустрэнуцца ў Люксембургу, закрануць пытанне Беларусі і таксама ў гэтым кантэксце пытанне вяртання амбасадараў".

Еўрарадыё таксама звярнулася па каментар і да прэс-сакратаркі Савета ЕС Сюзаны Кіфа. Яна не пацвердзіла, але і не абвергла публікацыю ў "Российской газете".

Сюзана Кіфа: "Усё, што я магу сказаць на цяперашні момант, наконт вяртання амбасадараў у Беларусь, дзеянні ЕС будуць скаардынаванымі і салідарнымі. Мы працягваем назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі".

У той жа час, на пытанне, ці могуць дыпламаты ісці на такія дзеянні, не заяўляючы пра іх афіцыйна, Сюзана Кіфа адказала, што "тэарэтычна, магчыма ўсё".

Фота — democraticbelarus.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі