Kamikaza: “Калі не быў на рэйве, не будзе пра што паразмаўляць з людзьмі”
Першую вясновую тэхна-вечарынку ў Мінску наведала госця з Рыгі – дыджэй Ксенія Каміказа. І мы, нарэшце, даведаліся пра падрабязнасці электроннага жыцця Латвіі.
120306 Kotka Ksenia Kamikaza Site.mp3
Ксенія – дыджэй з Рыгі, ужо 8 гадоў прасоўвае электронную музыку ў сваёй краіне. Выпускае падкасты для радыё і інтэрнэту, робіць тэхна-вечарынкі пад назвамі Platz fur Tanz і Intelligent Debosh і з задавальненнем ездзіць выступаць па Прыбалтыцы, Расіі і Еўропе. У Мінск Ксенія даехала дзякуючы беларускаму DJ I.F.U., які пасля вяртання з Лондану вырашыў сур'езна заняцца тэхна-жыццём Мінска. Праўда, вечарынка з Ксеніяй не прыцягнула шмат людзей, як і іншыя электронныя мерапрыемствы ў нашым горадзе ў апошні час. Але гэта не нагода, каб не казаць пра электронную сцэну. Хутчэй, наадварот, гэта нагода пабольш пра яе казаць.
Еўрарадыё: Ксенія, музыка, якую мы пачулі ад цябе на вечарыне ў Loft – гэта тое, што ты звычайна граеш і ў сябе дома, у Рызе?
Ksenia Kamikaza: Так, гэта фармат вечарынак, якія я раблю ў Рызе. Я імкнуся граць музыку бліжэйшую да тэхна. Але тэхна – гэта музыка для вялікіх памяшканняў, таму ў гэтым клубе я грала больш тэк-хаўза. Але імкнулася ставіць і тэхна, так бы мовіць, для адукацыі.
Еўрарадыё: Ці здараецца ў Рызе, што на твае вечарынкі не прыходзяць людзі? Ці гэта выключна мінскі феномен?
Ksenia Kamikaza: На мае – не. Але з іншымі вечарынкамі такое бывае, і вельмі часта. А мае вечарынкі дзякуючы камандзе, у якой працуе шмат людзей, дзякуй богу, вельмі наведвальныя. Без лішняга зазнайства, мы паспяховыя. Але наогул, з электроннай музыкай у Рызе цяжкавата. Вельмі папулярны рок-фармат, радыёхіты 80-х, 90-х і R'n'B.
Еўрарадыё: Чамусьці падавалася, што ў Прыбалтыцы ўсё добра з электроннай музыкай. Але, можа, такое меркаванне склалася дзякуючы Вільні?
Ksenia Kamikaza: Так, Вільня, сапраўды, на Балтыйскай сцэне значна больш схіленая да электроннай музыкі. Там вельмі шмат электронных музыкаў, не дыджэяў, а тых, якія самі робяць музыку. Латвія – на сярэднім узроўні, Эстонія яшчэ "горш", яшчэ больш сыходзіць у рок, а калі там і ёсць электронная музыка, то, галоўным чынам, ламаныя рытмы – драм-н-бэйс і ўсё такое.
На адной закінутай фабрыцы, каб схаваць неяк усё бязладдзе, высыпалі на падлогу горы пенапластавых шарыкаў.
Еўрарадыё: Распавядзі пра часы, калі Латвія яшчэ не была "ў Еўропе". Ці многае змянілася з тых часоў на электроннай сцэне?
Ksenia Kamikaza: Ведаеш, тое, што рабілася ў Латвіі ў 90-х – гэта быў электронны рай. Былі велізарныя рэйвы, дзе б іх ні рабілі, на іх прыходзілі 2-3 тысячы людзей. І ў арганізатараў было такое адчуванне, як калі адкрываюць кісларод – а-а-а-а, мы павінны штосьці рабіць! І людзі, сапраўды, рабілі афігенскія рэчы. Не проста дыскатэку – адчынілі дзверы, ставілі дыджэяў і там штосьці адбывалася, не, гэта заўсёды быў перфоманс! Абавязкова ў нейкіх дзіўных месцах, да прыкладу, на закінутай фабрыцы ў 4 паверхі. Было такое адчуванне, што на гэтыя рэйвы рэальна хадзілі ўсё. Гэта значыць, калі ты не быў на рэйве, то ў панядзелак табе не будзе пра што паразмаўляць з людзьмі.
Было такое адчуванне, што на гэтыя рэйвы рэальна хадзілі ўсё. Гэта значыць, калі ты не быў на рэйве, то ў панядзелак табе не будзе пра што паразмаўляць з людзьмі.
Памятаю, на адным рэйве былі высокія подыюмы – людзі залазілі і танчылі над імі, і пад імі! Яны ўнізе былі полыя – месца ёсць, і хто ніжэй ростам, залазілі туды і танчылі. Адбывалася штосьці абсалютна нерэальнае!
Але ў нейкі момант рэйвы спыніліся. У людзей з'явілася жаданне нейкага гламуру. Але які гламур на рэйве? Я памятаю на адной закінутай фабрыцы, каб схаваць неяк усё бязладдзе, якое робіцца ўсярэдзіне, яны высыпалі на падлогу горы пенапластавых шарыкаў. Уся падлога была ў гэтых шарыках, па шчыкалатку, але я магу прадставіць, якая яна была бы без гэтага дэкору. І гэта было выдатна, але пра які гламур можна казаць у такой сітуацыі?
Увогуле, у нейкі момант усё пачалі патрабаваць выгоды, каб усё было міла, акуратна… І сталі адкрывацца клубы – невялікія, але вельмі цікавыя, здораўскія. Там грала лёгкая, але прыемная музыка. А потым і такія клубы сталі зачыняцца, і пачалася хваля дыскатэк з "радыёхітамі". А потым, пасля 2004 года, пасля ўступлення ў Еўрасаюз, пачалі ўлівацца вельмі вялікія грошы ў забаўляльны бізнэс.
У Рызе, напрыклад, з'явілася дзіўнае месца Andrejsala. Гэта быў вялікі порт, дзе чынілі караблі, была мытная зона – там было шмат усякіх маленькіх памяшканняў. І ўрад аддаў гэты порт на водкуп артыстам. Можна было ўзяць памяшканне за капейкі і рабіць там, што заўгодна.Там адкрылася некалькі клубаў, і туды прыходзілі нават людзі ў дарагіх футрах, стразах Свароўскі, усе гэтыя жанчыны і мужчыны з задавальненнем танчылі пад тэхна на самаробных танцпляцах – было вельмі каларытна.
Мы з дзецьмі таксама адкрылі там клуб. І тое, што там адбывалася – было фантастыкай. Мы запрашалі шмат музыкаў, дыджэі з Германіі казалі: "Уау, у нас такога няма, а ў вас ёсць, выдатна!"
Але, на жаль, усё гэта праіснавала толькі 2 гады. Потым урад як аддаў гэту тэрыторыю, так і забраў. І ўсё вельмі рэзка скончылася. Потым крызіс, то, сёе, усё стухла. Але вось цяпер мы спрабуем штосьці рабіць. Таксама ёсць у Рызе некалькі каманд, якія збіраюць народ і прасоўваюць музыку. Гэта клёва. Я спадзяюся, што далей будзе ўздым. Таму што ўрад абяцае, што крызіс нас абмінуў.
Палітыка маіх вечарынак – калі няма агрэсіі, ты можаш рабіць, што заўгодна – танчыць на канапах, на сталах, валяцца па падлозе
Еўрарадыё: Куды ты ездзіш і з кім супрацоўнічаеш, у сусветным маштабе?
Ksenia Kamikaza: Насамрэч, каб прама "супрацоўнічаю", такога няма. Ёсць сябры, якіх я прывожу Рыгу, яны мяне таксама запрашаюць граць у іх. Нейкія людзі мяне знаходзяць і запрашаюць на фестывалі. Я ўжо ездзіла ў Германію, Іспанію, Расію. Але, у прынцыпе, з-за таго, што ў Латвіі досыць слабая электронная сцэна, і няма вялікіх імёнаў, людзі не вельмі і шукаюць там кагосьці. Значна цікавей паклікаць тэхна-музыку ці дыджэя з Літвы, дзе ёсць вялікія імёны, якія сапраўды граюць у вялікіх клубах па ўсёй Еўропе, і адпаведна, на іх лягчэй сабраць людзей. Таму што, вядома, клубная культура – гэта, у першую чаргу, бізнэс. І гэта правільна. А як інакш?
Еўрарадыё: Распавядзі пра свой кавалачак гэтага бізнэсу – вечарынкі Platz fur Tanz і Intelligent Debosh.
Ksenia Kamikaza: Platz fur tanz – гэта, даслоўна, "Месца для Танцаў". Трохі няправільны пераклад на нямецкую. Па-нямецку было б правільна Tanz platz, але мы ж не немцы, можам сабе дазволіць. Калі я толькі пачала рабіць вечарынкі, трэба было неяк назваць лэйбл, брэнд. Не ведаю, правільна гэта ці не, але ў Рызе так заведзена – калі ты пачынаеш рабіць вечарынкі, трэба прыдумаць нейкую назву. Людзі прывыкаюць да яго, і гэта добра. Я захацела назву на нямецкай – у мяне тата немец і муж вельмі добра размаўляе па-нямецку. Я жадала штосьці накшталт "Месца для танцаў", а яны мне сказалі, маўляў, так і назаві: Platz fur Tanz.
Галоўная ідэя гэтых вечарынак – прасоўваць электронную танцавальную музыку ў Рызе.
Другі лэйбл – гэта серыя вечарынак Intelligent Debosh. Усім вельмі падабаецца назва, таму што ў краіне ўсё разумеюць па-руску, і ведаюць, што такое "дэбош". Само слова хоць і мае адмоўную афарбоўку, але ў плане вечарынкі гэта тое, што трэба. Людзі прыходзяць і адрываюцца па-поўнай. Палітыка гэтых вечарынак – калі няма агрэсіі, ты можаш рабіць, што заўгодна: танчыць на канапах, на сталах, валяцца па падлозе, вар'яцець, слухаючы музыку – тваё права. Некаторым нават не вельмі падабаецца музыка – ну, бывае, не ўсім жа павінна падабаецца электронная музыка – але сама канцэпцыя “дэбошу” іх прыцягвае і яны да нас прыходзяць.
Такім чынам, вечарынкі Intelligent Debosh мы праводзім у Рызе ўжо 4 гады, а Platz fur Tanz – 5 гадоў.
Дыджэй павінен несці людзям новую музыку
Еўрарадыё: Ці памяняліся твае музычныя перавагі за 8 гадоў працы дыджэем?
Ksenia Kamikaza: Насамрэч, я наогул не жадала быць дыджэем. Я абсалютны тусоўшчык, з 94-95-х гадоў наведвала ўсё рэйвы. Але потым пачала рабіць радыёперадачы, і людзі проста сталі запрашаць сыграць. Я вельмі не хацела – ну куды! Усе танчаць, адпачываюць, а я, значыць, буду працаваць? Не маё гэта! Але мяне ўгаварылі. І я паспрабавала, уцягнулася, злавіла “фан” з іншага боку пульта.
Але, вядома, музычныя перавагі мяняюцца. Я лічу, што дыджэй павінен несці новую музыку, таму што гэта адзіны спосаб пазнаць людзям пра тое, што ў свеце новага. Ніхто не спрачаецца, што музыка 70-х, 80-х, 90-х – выдатная, але яна нікуды не знікне, яна ўжо адабраная, ёсць хіты, якія перажылі час... Але новая музыка? Як яшчэ людзям пра яе даведацца, як не прыйсці на дыскатэку, паслухаць, запомніць імя дыджэя, знайсці яго міксы ў інтэрнэце, паглядзець плэй-ліст і, у выніку, знайсці тое, што падабаецца.
Я лічу, што “простаму чалавеку”, не заточанаму пад пошук музыкі, немагчыма арыентавацца ў той колькасці электроннай музыкі, якая цяпер выходзіць. І таму я часта змяняю фармат таго, што граю, заўсёды вельмі сачу за тым, што новае з'яўляецца, езджу на еўрапейскія фестывалі, слухаю музыкаў. Калі хтосьці ездзіць на фэсты патусавацца, то для мяне гэта адукацыйны працэс.
Еўрарадыё: Калі казаць стылямі і імёнамі. З каго пачынала, да каго прыйшла?
Ksenia Kamikaza: Не так шмат часу яшчэ мінула, каб імёны маглі моцна памяняцца. Але, калі я пачынала граць мінімал-тэхна Рычы Хоўціна, Вілалобаса і ўсіх, хто побач з імі – Лусіяна, Loco Dice, то цяпер ужо новыя імёны з'явіліся, як Maetrik і Maceo Plex, лэйбл Crosstown Rebels.
Еўрарадыё: Ты не думала сама стаць музыкай?
Ksenia Kamikaza: Я раблю нейкія свае трэкі, але сур'езна імі заняцца ў мяне бракуе часу. Насамрэч, у мяне ёсць сям'я, двое дзяцей.
Еўрарадыё: Вельмі нечакана!
Ksenia Kamikaza: Так, някепска. Яшчэ ў мяне ёсць свой бар у Рызе, які таксама ўвесь час патрабуе ўвагі і працы. Таму, на жаль, не вельмі атрымліваецца засесці і зрабіць тое, чаго хочаш. Таму што як дыджэй, я разумею ўзровень таго, што адбываецца ў свеце, і я разумею ўзровень таго, што ствараю я. І калі я не адчуваю, што гэта варта таго, каб быць выдадзеным, я гэта проста не выпушчу. Я не магу, як некаторыя, скласці два біты і паслаць на ўсе лэйблы, у мяне самакрытычнасць вышэй.
Але нейкія трэкі ў мяне ўсё ж атрымалася выдаць, зробленыя прыкольныя рэміксы на іх, гэта дзесьці грае, ну, і, дзякуй богу. Але, на жаль, усё менш і менш часу на гэта застаецца, таму што дзеці ўсё большыя і большыя.
Але я вельмі спадзяюся на гэты год. Раней я ўсё рабіла адна, а цяпер намалявалася добрая і вельмі добрая каманда, вельмі многія дапамагаюць на такім, фанацкім узроўні, за што я ім страшна ўдзячная. Думаю, хутка з'явіцца пабольш часу, каб рабіць штосьці сваё.
Сядзець дома – гэта няправільна
Еўрарадыё: Ёсць што сказаць нашым мінскім людзям?
Ksenia Kamikaza: Я ў Мінску першы раз, і мне вельмі спадабаўся горад. Насамрэч, я не фанат архітэктуры 19 стагоддзя, таму Мінск мне сапраўды цікавы чыста візуальна, як больш сучасны горад – шырокія вуліцы, сталінская архітэктура – гэта маё.
А з нагоды, што сказаць – гэта сакрэт, як ажывіць горад. Тое, што я звычайна ўсім кажу ў Рызе: трэба больш выходзіць з дому! Сядзець дома – гэта не правільна, гэта тое, што можна зрабіць заўсёды. Калі ты выходзіш на вуліцу, заходзіш у бліжэйшую кавярню, гутарыш там з сябрамі ці проста чытаеш кнігу – горад атрымлівае жыццё. І гэта жыццё маладых людзей, гэта энергія, яна дае яму нейкую будучыню, горад не робіцца пенсіянерскім, і гэта вельмі важна. Таму што тое, што я бачу ў большасці гарадоў на пост-савецкай прасторы – гэта менавіта праблема, што людзі сядзяць па дамах.
Проста выходзіце з дому, ідзіце ў бліжэйшую кавярню, сядзіце, размаўляйце – давайце гораду жыццё!