Канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” пройдзе ў 10 гарадах Польшчы
Сярод запрошаных гуртоў — "Ляпіс Трубяцкой", "Без Білета", The Toobes, IQ48 і іншыя.
Канцэрт “Салідарныя з Беларуссю” сёлета зменіць канцэпцыю і пройдзе не толькі ў Варшаве, але і ў іншых польскіх гарадах. Мерапрыемства, якое традыцыйна праводзілася 25 сакавіка, цяпер расцягнецца на некалькі дзён.
"У гэтым годзе мы змяняем канцэпцыю акцыі "Салідарнасць з Беларуссю", і гэтая акцыя будзе адбывацца не толькі ў Варшаве, але і ў іншых польскіх гарадах. Гэта будзе Кракаў, Вроцлаў, Вроцлавэк, Катавіцэ, Люблін, Беласток, Познань. Вельмі мажліва, што нават за мяжой, не толькі ў Польшчы, але і на Захадзе некаторыя гарады да нас далучацца", – распавяла Еўрарадыё адна з арганізатараў акцыі Вікторыя Хакімава.
Па яе словах, дакладна вядома, што канцэрты пройдуць у 10 гарадах, але арганізатары спадзяюцца павялічыць гэтую лічбу. Некалькі першых імпрэзаў адбудуцца на Дзень Волі 25 сакавіка, але асноўныя пройдуць на два дні пазней.
Хакімава: "Мы б вельмі хацелі, каб усе канцэрты адбываліся 27 сакавіка, так сама, як і ў Варшаве. Бо ёсць магчымасць, што мы будзем трансляваць гэтыя ўсе канцэрты па тэлебачанні. Але вядома, што мы не зможам усё гэта арганізаваць у адзін дзень, але большасць з іх – 27 сакавіка. У Варшаве, напрыклад, у Катавіцах, у Вроцлаве".
Галоўны канцэрт адбудзецца ў цэнтры польскай сталіцы і збярэ, як беларускіх, так і польскіх выканаўцаў.
Хакімава: "Колькасць беларускіх і польскіх гуртоў будзе больш менш такая ж самая – каля 4 беларускіх і 4 польскіх. Канцэрт будзе дастаткова доўгі – ад 4 гадзінаў. Акрамя таго мы ў Варшаве плануем такія акцыі, як перформанс Алеся Пушкіна, яго выстава. Акрамя гэтага ў Варшаве пройдзе гарадская гульня, у якой можа ўзяць удзел кожны, хто жыве ў Варшаве ці кожны, хто хоча прыехаць у Варшаву і паглядзець, як Польшча і як беларусы ў Польшчы падтрымліваюць акцыю "Салідарныя з Беларуссю".Канцэрт будзе дастаткова доўгі – ад 4 гадзінаў. Акрамя таго мы ў Варшаве плануем такія акцыі, як перформанс Алеся Пушкіна, яго выстава. Акрамя гэтага ў Варшаве пройдзе гарадская гульня, у якой можа ўзяць удзел кожны
Вікторыя Хакімава пакуль не называе, хто дакладна выступіць на ўсіх канцэртах, але запэўнівае, што праблем з запрашэннем гуртоў няма.
Хакімава: "Пакуль што ў нас няма з гэтым праблемаў, бо беларуская незалежная сцэна (рокавая перад усім) мае вельмі шмат файных гуртоў, таму мы запрашаем усіх і заклікаем усіх да ўдзелу".
Між тым, як даведалася Еўрарадыё, запрашэнні на ўдзел у канцэртах атрымалі "Ляпіс Трубяцкой", "Без Білета", IQ48, The Toobes, а таксама RIMA, Cala Gora Barwinkow, Lion Vibrations і іншыя. Аднак, ці выступяць яны на “Салідарных з Беларуссю”, пакуль не вядома.